Социальный работник Елена Коваленко умеет найти общий язык са своими подопечными

Общество

Адчувае сэрцам чужы боль
Далёка не ўсе, хто ўладкоўваецца сацыяльным работнікам, затрымліваюцца тут надоўга. І гэта зразумела: не кожны здольны пранесці праз сваю душу і сэрца чужы боль. У гэтай рабоце знаходзяць сваё прызванне толькі міласэрныя і шчырыя людзі, упэўнена загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  Ф. М. Сянькова. Менавіта да такіх адносіцца А. Г. Каваленка з Крывога Сяла.
Алена Генадзьеўна працуе сацыяльным работнікам 11 гадоў. У летнюю спёку і ў моцныя маразы яна спяшаецца да сваіх падапечных. Спяшаецца, бо ведае: яе заўсёды чакаюць з нецярпеннем. Алена Генадзьеўна нібыта прамень святла, які робіць жыццё састарэлых ярчэйшым.
Прыйшоў сацыяльны работнік – значыць, у хаце і на падворку будзе парадак. Жанчына і баршчу наварыць, і прадуктаў прынясе, і палечыць – купіць неабходныя таблеткі на ФАПе.
“Прывыкла да сваёй работы, мне падабаецца, – шчыра кажа жанчына. – Мабыць, некаму і цяжка знайсці агульную мову з састарэлымі, а ў мяне гэта атрымліваецца. Сярод маіх падапечных – двое 90-гадовых жыхароў. Гэта Іван Мікітавіч Аўсянка (ён ветэран Вялікай Айчыннай вайны) і Ефрасіння Пятроўна Скітова. Ім – асаблівы клопат. Але ж гэта не значыць, што астатнім удзяляю менш увагі. Усе падапечныя для мяне аднолькавыя. Для ўсіх раблю, што ні папросяць”.
Здаецца, кожны дзень у сацыяльнага работніка падобны адзін на другі. Адзін маршрут, аднолькавая работа. Але ж чакаюць Алену Генадзьеўну не толькі для работы, а і для душэўных размоў. Толькі сацыяльнаму работніку  вядомы тыя ўспаміны і сакрэты, схаваныя за сетачкай маршчын на тварах падапечных. А. Г. Каваленка для многіх стала не проста памочніцай, але і сябрам, аднадумцам, добрым слухачом. Гэта патрэбна многім адзінокім старым. Патрэбна, каб адчуваць сябе самадастатковым і незалежным, каб не турбаваць дзяцей, якія жывуць  далёка.
Алена Генадзьеўна па сваёй натуры чалавек аптымістычны. Кажа, што ў яе рабоце ўсё добра, ніякіх цяжкасцяў няма. “Засмучае толькі, калі падапечныя хварэюць, – кажа жанчына. – Тады ў іх няма настрою і гумору, здаецца, белы свет нямілы. Тады вось і ў мяне рукі апускаюцца. Але ж усё роўна выконваю сваю работу, як магу, падбадзёрваю састарэлых”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №1 ад 06.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *