Посвящение в гимназисты прошло в Шумилинской районной гимназии

Молодёжь Образование

“Клянуся даражыць званнем гімназіста!”
Здаецца, зусім нядаўна было першае  верасня:  урачыстая лінейка, хваляванні і віншаванні, знаёмствы з новым і цікавым.  А сёння на двары  ўжо зіма. Але ў Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрнаце жыццё кіпіць і ў зімнія месяцы. Так, у снежні ў нас праходзіць свята пасвячэння новых вучняў у гімназісты. Традыцыя існуе  ўжо дзевяць гадоў, але нягледзячы на гэта, кожны раз хвалююцца і вучні, і педагогі.
У такім хвалюючым настроі пачалася  субота 20 снежня: 36 “навабранцаў”, што прайшлі іспыты ў чэрвені і жніўні, прымалі ў гімназічнае брацтва. З самай раніцы ішла падрыхтоўка да свята. Напэўна, больш за іншых хваляваліся нашы пяцікласнікі, але падтрымка з боку сяброў-гімназістаў крыху супакоіла. А візітоўка, якую падрыхтавалі разам з выхавацелямі Надзеяй Пятроўнай Шадзько і Ірынай Мікалаеўнай Макаранка гэтыя няўрымслівыя фантазёры, не пакінула нікога абыякавым.
І вось самы ўрачысты момант: старшыня гімназічнага самакіравання Прохар Навіцкі і члены ГІСА Аліна Зянькова, Вераніка Воранава, Ангеліна Мамехіна прымаюць у “новенькіх”  клятву гімназіста: “Клянуся бездакорна выконваць статут гімназіі! Быць узорным у навучанні і паводзінах! Заўсёды імкнуцца да ведаў! Аддана любіць сваю Радзіму! Даражыць званнем гімназіста!” А потым было ўручэнне “вярыцельных грамат” – своеасаблівых пасведчанняў гімназіста, былі і віншаванні – ад намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Наталлі Пятроўны Саўчанка, класнага кіраўніка 5 класа Вольгі Мікалаеўны Бяляевай, ад гімназістаў.
Дарэчы, не засталіся без увагі  настаўнікі і выхавацелі, у чые класы паступілі  новыя вучні. Іх запрасілі падняцца на сцэну і ўручылі ім грэцкія арэхі, каб разам з выхаванцамі “грызлі” граніт навукі, а яшчэ падарылі  мяшэчкі, каб назбіраць той самы пуд сяброўскай солі. Безумоўна, не абышлося свята без добрых песень і сапраўднай інструментальнай музыкі ў выкананні Міхаіла Насыра.
Хочацца сказаць, што папаўненне прыйшло добрае, крэатыўнае, творчае і энергічнае. Будзем чакаць ад іх новых перамог.
Юлія РУДЗЯКОВА, вучаніца 11 класа раённай гімназіі.
Надрукавана ў №1 ад 06.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *