Мадэрнізацыя вытворчасці і сацыяльная накіраванасць бюджэту
У суботу, 20 снежня, адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. На парадку дня пасяджэння – падвядзенне вынікаў адыходзячага 2014 года і абмеркаванне планаў і задач на наступны 2015 год.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны адзначыў, што вынікі работы прамысловасці, сельскай гаспадаркі і сферы паслуг за год маглі б быць лепшымі. У раёне шмат чаго робіцца. Кіраўнік раёна нагадаў пра рамонт раённай бальніцы, адкрыццё дзіцячай школы мастацтваў, будаўніцтва фізкультурнага комплексу, добраўпарадкаванне населеных пунктаў раёна. Не стаіць на месцы эканоміка: вядзецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм, развіваецца прыдарожны сэрвіс, адкрываюцца і развіваюцца прадпрыемствы (“АльянсПласт”, “ІСКПошук”). Як заўважыў Уладзімір Пятровіч, хацелася б зрабіць для людзей больш і лепш, а гэта магчыма толькі калі эфектыўна будзе працаваць эканоміка раёна.
З дакладам аб выніках работы народнай гаспадаркі раёна ў 2014 годзе і прагнозе на 2015 год выступіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў. У 2014 годзе захавалася станоўчая дынаміка сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна па выкананні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Шумілінскага раёна на 2011-2015 гады. У раёне выконваюцца паказчыкі па экспарце тавараў, сярэднямесячнай заработнай плаце, сальда знешняга гандлю, індэксу фізічнага аб’ёма, энергазберажэнні і іншых.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі па індэксу фізічнага аб’ёма прагназуецца на ўзроўні 100,1%. Пачалася мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, рашэннем Віцебскага аблвыканкама на яе выдаткавана больш за 41,8 млрд рублёў. Мадэрнізацыя дазволіць заводу выйсці на вытворчасць інавацыйнай прадукцыі і знізіць яе сабекошт.
У 2014 годзе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна атрымалі добры ўраджай збожжа – 35 679 тон (22,7 ц/га). Нарыхтавана 46 773 тоны кармавых адзінак травяных кармоў (26,6 ц на ўмоўную галаву). Вытворчасць прадукцыі гадоўлі жывёлы і птушкі склала 9627,7 тоны, рэалізацыя – 8525,8 тоны. Прырост забяспечылі 6 гаспадарак, найлепшыя прывагі буйной рагатай жывёлы ў КУСГП “Ульскі” (818 г), КУСГП “Мішневічы” (734 г), ААТ “Прыдзвінскі” (718 г). Вытворчасць малака склала 19 286,1 тоны, таварнасць малака за 10 месяцаў – 88,3%. Павялічылі вытворчасць малака толькі “Ляжні” і “Прыазёрны мір”.
Тэмпы росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 10 месяцаў склалі 94,5%. Усе гаспадаркі, за выключэннем ААТ “Ляжні”, дапусцілі зніжэнне вытворчасці валавой прадукцыі да адпаведнага перыяду 2013 года.
Да канца 2014 года будзе ўведзена 4500 кв. м жылля: 40-кватэрны жылы дом у Шуміліне, 20 індывідуальных жылых дамоў, у тым ліку на сяле – 9.
За 10 месяцаў бягучага года выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні склала “мінус 14,5%” пры заданні “мінус 7%”. Удзельная вага мясцовых відаў паліва – 25%, у тым ліку па ЖКГ – не менш за 55%.
Узровень сярэдняй зарплаты па раёне за 10 месяцаў склаў 4237,8 тыс. руб, у тым ліку ў прамысловасці – 4937,8 тыс. руб, у сельскай гаспадарцы – 3369,8 тыс. руб. У народнай гаспадарцы раёна заняты 8 566 чалавек.
В. В. Доктараў акрэсліў прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2015 год. Важнейшая асаблівасць прагнозу на 2015 год – рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове ўдасканалення сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара эканомікі.
У абмеркаванні пытання актыўны ўдзел узялі старшыня райвыканкама У. П. Куранны, член аблвыканкама старшыня абласнога камітэта эканомікі С. А. Зароўскі, які прысутнічаў на пасяджэнні, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Вострыя пытанні аб перспектывах развіцця эканомікі раёна і асобных прадпрыемстваў у завяршальны год пяцігодкі адрасаваліся В. В. Доктараву, кіраўнікам многіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія трымалі справаздачу.
Аб выніках выканання бюджэту раёна за 11 месяцаў бягучага года і раённым бюджэце на 2015 год паведаміла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. Яна паведаміла, што з улікам работы рэальнага сектара эканомікі, падатковай базы, дадатковых паступленняў за студзень-лістапад 2014 года раённы бюджэт выкананы па даходах на 93,9% (па вобласці 90,3%).
У раённы бюджэт паступіла 76 321 млн руб. У структуры даходаў 44,5% складае падаходны падатак, 15,3% — падатак на дабаўленую вартасць, 12,7% – падаткі на ўласнасць, 7% – плацяжы з выручкі па асобных рэжымах падаткаабкладання, 5,5% – кампенсацыі затрат дзяржавы.
У ліку крыніц даходаў раённага бюджэту – аўкцыёны па продажы зямлі ў прыватную ўласнасць, плата за арэнду зямлі і дзяржаўнай маёмасці, плата за размяшчэнне знешняй рэкламы і іншыя. Асноўнымі плацельшчыкамі ў бюджэт раёна з’яўляюцца ААТ “Обальскі керамічны завод” (9%), СТАА “Вежа” (6,9%), ЗП “Славянскі прадукт” (5,8%), райспажыўтаварыства (4,9%), УП ЖКГ (4,1%).
З улікам даходаў, расходы бюджэту прафінансаваны на 82% да гадавых паказчыкаў і склалі 190 566,5 млн руб. (на 17 623,7 млн больш, чым за адпаведны перыяд 2013 года). За кошт уласных даходаў прафінансавана 41,8% усіх расходаў, за кошт датацыі – 56,9%, за кошт іншых трансфертаў – 1,3%.
За 11 месяцаў выдаткі на сацыяльную сферу склалі 68,7% агульных расходаў (130 944,7 млн руб.): на адукацыю – 39,9%, ахову здароўя – 16,8%, сацыяльную палітыку – 4,7%, культуру – 5%, фізкультуру – 2,2%.
На галіны нацыянальнай эканомікі і жыллёва-камунальную гаспадарку накіравана 24,4% усіх выдаткаў бюджэту. Расходы на жыллёва-камунальную гаспадарку склалі за 11 месяцаў бягучага года 41 871,8 млн руб., у тым ліку 34 467,7 млн руб. – кампенсацыя часткі выдаткаў ад аказання жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву.
А. С. Сідарэнка падрабязна спынілася на раённым бюджэце на 2015 год. Агульная сума паступленняў (без уліку датацыі) у раённы бюджэт прагназуецца ў памеры 97 864,4 млн руб. (39,2%), памер датацыі і іншых трансфертаў складзе 151 792,9 млн руб. (59,9%).
Агульная сума выдаткаў раённага бюджэту прагназуецца ў суме 249 657,2 млн руб. Бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць.
Па выніках абмеркавання прыняты адпаведныя рашэнні. Цяпер прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і раённы бюджэт на 2015 павінен зацвердзіць раённы Савет дэпутатаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 99 ад 24.12.2014 г.