Падняў руку на маці
У будынку Светласельскага сельвыканкама адбылося выязное судовае пасяджэнне, на якім разглядалася крымінальная справа ў адносінах да грамадзяніна Г., які пабіў сваю маці.
“Сямейнае насілле – з’ява, на жаль, нярэдкая, – адзначае старшыня суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая. – Праўда, да суда такіх спраў даходзіць няшмат”.
36-гадовы мужчына не мае пастаяннай работы, перабіваецца выпадковымі заробкамі. Фактычна жыве за кошт маці-пенсіянеркі, якая яшчэ і працуе на ферме. У той вечар Г. прыйшоў дадому на добрым падпітку, пасварыўся з айчымам. Калі маці заступілася за айчыма, “пераключыўся” на яе. Толькі вось здароваму дзяціне адных слоў не хапіла і для перакананасці пусціў у ход кулакі. Што магла супрацьпаставіць 56-гадовая жанчына здароваму мужчыну?..
Суседка выклікала хуткую дапамогу. Урачы канстатавалі ў жанчыны пералом носа і іншыя цялесныя пашкоджанні.
Але маці заўсёды застаецца маці. На судовым пасяджэнні яна даравала свайму сыну, гаварыла, “што ён добры, калі цвярозы”, слёзна пра-сіла строга не караць. А што сын? На судзе прызнаўся, што п’е з 21 года, прасіў прабачэння ў маці, праўда, шчырасці і раскаяння няшмат было ў яго словах.
Судовы прысуд – 240 гадзін грамадскіх работ. Толькі вось галоўнае, як адзначыла суддзя Алена Сініцкая, не гэта: важна, каб сын зрабіў пра-вільныя высновы, асэнсаваў свой ганебны ўчынак. Толькі тады ён больш ніколі не падыме руку на сваю маці.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.