Новыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў накіраваны на стымуляванне нараджальнасці другіх і наступных дзяцей
Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч, каменціруючы ўказ нумар 572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей».
Паводле яе слоў, цяпер у Беларусі дзейнічае эфектыўная сістэма мер эканамічнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
«У многім дзякуючы ёй дасягнуты самыя высокія паказчыкі нараджальнасці за апошнія 20 гадоў. Калі ў 1995 годзе нарадзіліся 101,1 тыс. дзяцей, то ў 2013 годзе — 118 тыс. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці вырас з 1,38 у 1995 годзе да 1,67 у 2013-м, — сказала Вера Лабковіч. — Пры гэтым больш як палавіна нованароджаных (52,6 працэнта) — гэта другія і наступныя дзеці ў сем’ях».
Эканамічныя фактары аказваюць рашаючае значэнне пры прыняцці сям’ёй рашэння аб павелічэнні свайго складу. Таму з 1 студзеня 2015 года ўстаноўлены новыя меры падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
Галоўныя навацыі — аднаразовае прадастаўленне сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей; штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у памеры 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).
Сямейны капітал — гэта грашовыя сродкі, што прадастаўляюцца ў безнаяўнай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Права на яго маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: маці (мачаха) у поўнай сям’і, бацька ў няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года ўключна, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці або дзяцей у сям’і выхоўваюцца не менш як трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці павінна быць не раней за 1 студзеня 2015 года. Калі ў поўнай сям’і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу, такое права мае бацька (айчым), дадала прадстаўнік міністэрства.
Дарэчы, умова наяўнасці пастаяннай рэгістрацыі па месцы пражывання на тэрыторыі рэспублікі таксама прад’яўляецца і да дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і пры вызначэнні права на сямейны капітал.
Што датычыцца напрамкаў выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, то яны абумоўлены неабходнасцю інвесціравання сродкаў у паляпшэнне якасці жыцця сем’яў, павышэнне ўзроўню іх дабрабыту. Паколькі права распараджэння безнаяўнымі сродкамі наступае не раней за дасягненне народжаным, усыноўленым (удачароным) дзіцем паўналецця і прадугледжана для ўсіх членаў сям’і, замацаваны пералік напрамкаў выкарыстання гэтых сродкаў. Прадугледжана таксама магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу ў выпадку хваробы члена сям’і.
Так, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай пенсіі маці. Пры гэтым сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя.
За назначэннем сямейнага капіталу грамадзяне павінны звяртацца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей.
Указам вызначаны парадак уліку асоб, якія маюць (не маюць) права на сродкі сямейнага капіталу, і парадак размеркавання сродкаў у выпадку змянення складу сям’і.
Упаўнаважаным банкам для адкрыцця дэпазітных рахункаў грамадзян вызначаны ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк».
Парадак і ўмовы назначэння сямейнага капіталу і распараджэння яго сродкамі вызначаецца Саветам Міністраў. Тэрмін рэалізацыі гэтага віду доўгатэрміновай падтрымкі сем’яў з дзецьмі — пяць гадоў.
У якасці бягучай падтрымкі ўводзіцца штомесячная дапамога сям’і, што выхоўвае дзіця (дзяцей) ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, якая выплачваецца ў перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, у памеры 50 працэнтаў БПМ. Права на дапамогу маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў. Апякун (папячыцель) мае права на дапамогу, калі апека (папячыцельства) устаноўлена над дзіцем (дзецьмі) ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцем (дзецьмі) ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, пры ўмове што дзіця (дзеці) ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў не знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Пры гэтым, падкрэсліла Вера Лабковіч, права на назначэнне дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў (да 1 студзеня 2015 года або пасля гэтай даты) і ад занятасці маці (мачахі), бацькі (айчыма), усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна (папячыцеля).
Пры выхаванні дваіх і больш дзяцей назначаецца і выплачваецца адна дапамога на сям’ю. Назначэнне дапамогі праводзіцца па месцы атрымання дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Указам таксама ўстанаўліваецца працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, што прадастаўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі адкрытым акцыянерным таварыствам «Ашчадны банк «Беларусбанк» маладым сем’ям, маючым дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, у памеры 5 працэнтаў гадавых.