На канікулы — за мяжу
Пачаліся зімовыя канікулы, і некаторыя бацькі адпраўляюць сваіх непаўналетніх дзяцей на адпачынак ці ў госці за межы Рэспублікі Беларусь. Хацелася б, каб законныя прадстаўнікі мелі ўяўленне пра тое, што неабходна рабіць для таго, каб іх дзеці бесперашкодна і законна маглі падарожнічаць. Найперш, не забудзьце пра тое, што дзеці павінны мець для такіх выпадкаў пашпарты.
У залежнасці ад таго, з кім дзеці маюць намер выязджаць: у суправаджэнні абодвух законных прадстаўнікоў або самастойна; у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў; без суправаджэння законных прадстаўнікоў у суправаджэнні іншых асоб — законам устаноўлена неабходнасць дачы згоды законнымі прадстаўнікамі непаўналетняга на яго выезд, а таксама прад’яўлення супрацоўніку органа пагранічнай службы адпаведных дакументаў (ці натарыяльна засведчаных копій гэтых дакументаў).
Так, калі непаўналетні выязджае ў суправаджэнні абодвух законных прадстаўнікоў — згода законных прадстаўнікоў на яго выезд не патрабуецца; калі непаўналетні выязджае ў суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў — згода другога законнага прадстаўніка не патрабуецца; калі непаўналетні выязджае самастойна — патрабуецца згода абодвух законных прадстаўнікоў (ёсць выключэнні, устаноўленыя законам); калі непаўналетні выязджае ў суправаджэнні іншых асоб — патрабуецца згода абодвух законных прадстаўнікоў (ёсць выключэнні, устаноўленыя законам).
Сама пісьмовая згода павінна быць засведчана натарыусам ці службовай асобай, якая мае права рабіць такія натарыяльныя дзеянні; службовай асобай падраздзялення па грамадзянству і міграцыі па месцы жыхарства законнага прадстаўніка непаўналетняга.
Для засведчання пісьмовых згод на выезд патрабуецца пашпарт законнага прадстаўніка і дакумент, што пацвярджае статус законнага прадстаўніка. Усю наступную інфармацыю атрымліваюць натарыусы ў час гутаркі.
А. ХАСРАТАВА, дзяржаўны натарыус.
Надрукавана ў №101 ад 28.12.2010 г.