На президентскую ёлку из Шумилино поедут спортсмен, художник и отличница

Актуалии Образование Общество

Па ўсёй рэспубліцы праходзіць акцыя “Нашы дзеці”. У яе рамках 23-24 снежня ў Палацы Рэспублікі пройдзе навагодняя ёлка для выдатнікаў вучобы, актывістаў піянерскага руху,  пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў. З нашага раёна рэспубліканскую ёлку наведаюць сямікласніца Шумілінскай раённай гімназіі Алена Баркоўская (выдатніца вучобы, старшыня савета піянерскай дружыны і пераможца малых раённых алімпіяд)  і васьмікласнікі Антон Сушынскі з СШ № 1 г. п. Шуміліна (пераможца першынства Рэспублікі Беларусь па валейболе і кандыдат у зборную Беларусі па валейболе) і Вадзім Скараход з Язвінскай школы  (пераможца творчых раённых конкурсаў і алімпіяд).
Лідар школьных спраў
Аднакласнікі і сябры Алены Баркоўскай у адзін голас сцвярджаюць, што Алена – адна з самых актыўных гімназістак. І ў піянерскіх справах, і ў агульнашкольных, і ў раённых. Настаўнікі ведаюць: калі за справу ўзялася Алена Баркоўская, то не спыніцца на паўшляху. Яе настойлівасці і ўседлівасці хопіць давесці справу да канца.
Алена вучыцца ў раённай гімназіі на “дзевяць” і “дзесяць”. “Галоўнае – правільна размеркаваць свой час, тады ўсё паспееш”, – усміхаецца дзяўчына. Яна паспявае і ў алімпіядах паўдзельнічаць, і праспяваць вясёлыя песні на рускай і нямецкай мовах, і грунтоўна падрыхтавацца да творчага задання па прадметах. “Алена –  старанная дзяўчынка, – кажа настаўніца беларускай мовы і літаратуры А. У. Васілеўская. – Нам, настаўнікам, лацвей працаваць з такімі дзецьмі, якія ўсё ўспрымаюць пазітыўна”.
У планах – Мінск намаляваць
Самае вялікае захапленне Вадзіма Скарахода з Язвінскай школы –  маляванне. Ён малюе прыроду, родную вёску Завяззе, двух сваіх братоў, аднакласнікаў. І робіць гэта ад ўсяго сэрца, усю душу ўкладвае ў свае малюнкі, кажуць настаўнікі. Не дарэмна ж Вадзім перамагае ў розных раённых творчых конкурсах.  А ў будучым хлопец марыць намаляваць Мінск, перадаць фарбамі свае ўражанні ад паездкі на рэспубліканскую ёлку.
Вадзім вельмі спакойны і працавіты. Дапамагае дома па гаспадарцы, актыўна ўдзельнічае ў жыцці класа і школы. Кажа, што яшчэ не вызначыўся, якую ў будучым абярэ прафесію. Магчыма, яна будзе звязана з  захапленнем. А, можа, з інфарматыкай, якая яму так падабаецца. Увогуле хлопец ва ўсім спрабуе свае сілы. У  першым туры рэспубліканскай  алімпіяды ўдзельнічаў практычна па ўсіх прадметах.
Улюбёны ў валейбол
Гэты год стаў для васьмікласніка СШ №1 Антона Сушынскага са-праўды паспяховым. Ён гучна заявіў пра сябе ў спорце – у складзе зборнай вобласці перамог на рэспубліканскім першынстве. А ў складзе шумілінскай каманды стаў чэмпіёнам вобласці (дарэчы, Антон станавіўся чэмпіёнам вобласці ў камандах розных узростаў шэсць разоў).
Антон жыве валейболам. Як толькі ёсць вольная хвіліна, адразу ў спартыўную залу. Валейболам Антон займаецца пяць гадоў, трэнер адразу звярнуў увагу на лідарскія якасці хлопчыка –  ён тры гады “капітаніць” у камандзе свайго ўзросту.
Трэнер Аляксей Паршыкаў упэўнены, што Антона Сушынскага чакае добрае валейбольнае будучае.
Надрукавана ў №96 ад 12.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *