Исповедь алкоголика. Можно ли разорвать замкнутый круг?

Здоровье Общество

“П’ю сам, ніхто ў горла не залівае”
З рэдакцыйным заданнем – напісаць пра жыццё  чалавека, які злоўжывае спіртным, накіравалася ў міліцыю. Супрацоўнікі РАУС прапанавалі пагаварыць з мужчынам, які за сямейны скандал у нецвярозым выглядзе сядзіць “на сутках” у ізалятары часовага ўтрымання.
У кабінет зайшоў хударлявы 30-гадовы  хлопец. Божухна, такі малады, а ўжо алкаголік? Што здарылася ў ягоным жыцці, як дакаціўся да такога, што сядзіць за кратамі?  “Ды я тут не першы раз, ведаю тут усе парадкі, і мяне ведаюць”, – усміхаецца хлопец. Як высветлілася, асноўная “трагедыя” жыцця маладога чалавека – скандалы з бацькамі. Сын прыходзіць дамоў нецвярозы, скандаліць, бацькі выклікаюць міліцыю, і сына забіраюць “на суткі”.
Мой субяседнік, трэба сказаць, аказаўся надзвычай гаваркім. А як дазнаўся, што ў газеце не будзе напісана ягонае прозвішча, словы з яго проста паліліся.
Малады чалавек чэсна прызнаўся, што спіртное пачаў піць пасля школы. Па некалькі гадоў “сядзеў у адным і тым жа класе”. Калі закончыў школу, нікуды не пайшоў вучыцца, а ўладкаваўся працаваць грузчыкам. А там прапанавалі адзін раз выпіць, другі, трэці… А потым ужо сам прапаноўваў, яму самому хацелася хутчэй атрымаць грошы, каб было з чым бегчы ў магазін па спіртное.
“Можа, так і нельга гаварыць пра бацькоў, але ім трэба было пасля школы мяне кудысьці накіраваць вучыцца ці, можа, нават прымусіць, – кажа малады чалавек. – Цяпер я разумею, што мець прафесію для любога чалавека – гэта вельмі важна. Няма адукацыі – маеш толькі часовы сезонны заробак. А калі ты беспрацоўны, то не ведаеш,  куды сябе дзяваць. Сябры наліваюць – вось і п’ю.  П’ю сам, у горла ніхто не залівае. Напэўна, у мяне слабы характар, што не магу адмовіцца. Прыходжу дадому, іду ціхенька ў свой пакой. Вядома, гэта заўважаюць бацькі і давай на мяне крычаць, называць алкаголікам. Завязваецца сварка –  і вось я тут, у міліцыі. Чамусьці ўвесь час вінаватым аказваюся толькі я. Хаця, калі чэсна, то бацькі таксама не бязгрэшныя. Любяць пацягнуць чарку. Першае, што купляюць сабе з пенсіі – бутэльку спіртнога. У абавязковым парадку. Самім можна піць, а як я прыходжу дадому нецвярозым, то гэта ўжо катастрофа”.
Пацікавілася, ці лічыць малады чалавек сябе алкаголікам. “Не, не лічу, – пачула ў адказ. – Я ж не кожны дзень п’ю, алкаголікі – гэта тыя, хто глушыць кожны дзень, не прасыхаючы”.
Як ні дзіўна, але ў мужчыны, які адной нагой у лячэбна-працоўным прафілакторыі (на яго рыхтуюць дакументы), ёсць далейшыя планы на жыццё: пасля “сутак” уладкавацца на работу качагарам у кацельню. “Дык, можа, вас да такой работы страшна дапускаць –  п’яным і згарэць можаце разам з кацельняй?” – задаю правакацыйнае пытанне. “Ды не, – кажа малады чалавек. – На рабоце піць не буду. Я чаму хаджу да сяброў, якія наліваюць – таму што працы няма. Вольная птушка, можна сказаць. А работа будзе стрымліваць”. Вельмі хочацца верыць, што так яно і будзе.
Але супрацоўнікі РАУС упэўнены ў адваротным: мужчыну не пазбегнуць лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Вядома, у трыццаць гадоў яшчэ можна ўсё выправіць, можна ўзяцца за розум і ў корані змяніць сваё жыццё. Малады чалавек згаджаецца з відавочнай ісцінай: ніхто замест  яго самога ягонае жыццё не зменіць. Але нічога для гэтага не робіць: не пайшоў вучыцца, не ўладкаваўся на работу (рабочых вакансій у раёне ўволю), не кінуў піць. Не навучыўся ён  і самастойнасці: жыць асобна ад бацькоў і быць ад іх незалежным. Страшна адарвацца? Але ж першы крок – ён заўжды самы цяжкі.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №95 ад 09.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *