А золотые слитки храните в банке

Общество

Фінансавая граматнасць: дадатковыя паслугі банка: пераводы, ячэйкі і зліткі
Як мы ведаем, банкі займаюцца не толькі ўкладамі, крэдытамі, абменам валюты… Якія яшчэ паслугі можна атрымаць у банку? Шмат і самых розных. Напрыклад, адна з самых распаўсюджаных і запатрабаваных – перавод грошай. Для гэтага банкі распрацавалі цэлыя сістэмы грашовых пераводаў, якія дазваляюць зрабіць гэта літаральна ў лічаныя хвіліны. Трэба сказаць, актыўна карыстаюцца падобнай паслугай бацькі студэнтаў, ваеннаслужачых.
Каб адправіць перавод, трэба прыйсці ў банк з пашпартам. Касір дасць бланк, куды трэба будзе ўпісаць прозвішча чалавека, якому трэба перадаць грошы, і горад, у якім ён знаходзіцца. За гэтую паслугу трэба заплаціць банку. Ужо праз некалькі хвілін атрымальнік нашага пераводу можа забраць яго ў тым горадзе, дзе ён знаходзіцца. Для гэтага яму таксама будзе патрэбны свой пашпарт, касіру ён павінен будзе назваць прозвішча адправіцеля, горад, з якога быў зроблены перавод, і колькі грошай павінны даслаць. Сістэмы грашовых пераводаў бываюць міжнароднымі (грошы “лятаюць” паміж рознымі краінамі) і нацыянальнымі (калі грошы перадаюць унутры краіны).
Акрамя таго, нельга забываць, што пералічыць грошы з карткі на картку можна і праз інфакіёск, банкамат ці інтэрнэт-банкінг без удзелу касіра і наведвання банка.
Можна, напрыклад, аднесці ў банк на захоўванне каштоўныя рэчы ці дакументы і пакінуць іх у так званай банкаўскай ячэйцы. Гэта вельмі зручна, і што самае галоўнае, надзейна, калі мы адпраўляемся, скажам, у водпуск ці працяглую камандзіроўку. Захоўваць у банкаўскай ячэйцы можна грошы, каштоўныя дакументы і паперы, упрыгажэнні, творы мастацтва, напрыклад, карціну ці статуэтку… Але банк не дазволіць схаваць у ячэйку зброю, наркотыкі і іншыя забароненыя прадметы.
Кожная ячэйка зачыняецца на два ключы: адзін застаецца ў работніка банка, другі – у таго, хто арандуе ячэйку. Калі чалавек захоча забраць свае рэчы, работнік банка са сваім ключом прыйдзе ў сховішча, і вы разам адкрыеце ячэйку. Гэта паслуга таксама платная. Кошт залежыць ад памеру ячэйкі і тэрміну яе арэнды. Банк нясе адказнасць за захаванне нашых рэчаў. Усе ўмовы арэнды прапісваюцца ў дагаворы.
Адна з форм зберажэнняў грошай – набыццё ў банка золата, серабра, плаціны. Каштоўныя металы банкі прадаюць ў выглядзе зліткаў – гэта такія маленькія цаглінкі, якія адрозніваюцца адна ад адной па вазе і па памеры. Зліткі могуць быць вагой ад 1 г да кілаграма.
Зліткі можна захоўваць дома ці ў банкаўскай ячэйцы. Тады наш даход будзе залежыць ад таго, як вырасце кошт абранага металу. А яшчэ можна адкрыць у банку “металічны рахунак”, на якім замест грошай будзе ляжаць злітак і да яго кошту будуць дадавацца працэнты. Зліткі ў нашай краіне вырабляе Нацыянальны банк, а купіць іх можна і ў Нацбанку, і ў звычайных банках як за рублі, так і за валюту. Разам са зліткам выдаецца спецыяльны сертыфікат. Цэны на металы залежаць ад таго, што адбываецца ў свеце, і мяняюцца ці не кожны дзень. На іх аказваюць уплыў змяненне курсаў валют, рост цэн на нафту, зерне і нават прыродныя катастрофы. Чым нестабільней сітуацыя ў свеце, тым вышэй кошт золата і іншых металаў.
Зліткі з каштоўных металаў – гэта не проста магчымасць укладання свабодных грошай. Гэта яшчэ і арыгінальны, а галоўнае, карысны падарунак. Той, хто атрымае яго, можа распараджацца, як захоча: ці абмяняе яго адразу ж на грошы, ці будзе чакаць, пакуль падораны злітак падаражэе.
Падрыхтавала
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №94 ад 05.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *