Сітуацыя з забаронай на ўвоз беларускай прадукцыі ў Расію і транзітам тавараў санкцыйнага спіса не мае пад сабой аб’ектыўных падстаў і супярэчыць існуючым партнёрскім адносінам. Аб гэтым заявіў БЕЛТА дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Мяжуеў па выніках праведзенай у кіраўніка дзяржавы 3 снежня нарады, паведамляе БЕЛТА.
«Цяперашнія дзеянні расійскага боку ўшчамляюць інтарэсы Беларусі як транзітнай дзяржавы, што негатыўна ўплывае на эканамічную бяспеку нашай краіны, — лічыць Аляксандр Мяжуеў. — Акрамя таго, спыненне паставак беларускіх тавараў у дружалюбную нам Расійскую Федэрацыю заканамерна прывядзе да ўзняцця рознічных цэн на прадукты харчавання і, як вынік — рост негатыўных сацыяльных настрояў у расійскім грамадстве».
Дзяржсакратар Савета бяспекі адзначыў, што інтарэсы Саюзнай дзяржавы і кожнай з краін у прыватнасці прадугледжваюць вырашэнне ўзнікаючых праблемных пытанняў і ўзаемных прэтэнзій сумеснымі намаганнямі для прыняцця канструктыўных рашэнняў, прымальных для абодвух бакоў.
У сувязі з гэтым, на яго думку, саюзніцкія абавязацельствы Беларусі і Расіі могуць быць у поўнай меры рэалізаваны толькі ва ўмовах адмовы ад недружалюбнай пазіцыі асобных расійскіх функцыянераў, якія супярэчаць разумнаму сэнсу.
«Мы заўсёды былі прыхільнікамі пераадолення любых рознагалоссяў за сталом перагавораў з раўнапраўным захаваннем інтарэсаў бакоў. Гэтага пункту гледжання мы прытрымліваемся і цяпер. І чым раней дамоўленасці ў сферы паставак і транзіту беларускіх тавараў будуць дасягнуты, тым хутчэй мы здолеем вырашыць існуючыя супярэчнасці ў інтарэсах эканамічнай бяспекі Беларусі і Расіі», — падкрэсліў Аляксандр Мяжуеў.