Папулярны, традыцыйны, чаканы
Раённы шахматны турнір на прызы газеты “Герой працы” даўно не мае патрэбы ў важкай рэкламе. Яго чакаюць, ён папулярны сярод аматараў старажытнай і самай, бадай, займальнай, самай “ціхай” гульні.
Праводзіцца турнір з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі б не прыкрыя «прагалы» у традыцыі (90-я гады наогул для рэдакцыі былі цяжкімі, таму два гады турнір не праводзіўся), можна было б адзначаць, напэўна, і юбілей. Ды справа ўсё ж не ў юбілеях: вось ужо на працягу больш як 20 гадоў турнір змяніў не адно пакаленне шахматыстаў. Помню першыя турніры, калі праходзілі гарачыя і ўпартыя баталіі паміж А. Драгуном, І. Крутавусам, А. Кавалеўскім, М. Кузьміным, наступаў ім на пяткі У. Грыбаў, пазней прыйшоў у кагорту раённых майстроў моцны шахматыст М. Радайкін, упэўнена заявіў аб сабе У. Любімаў з Обалі (Уладзімір Мікалаевіч не раз прывозіў з сабой як трэнер і сваіх выхаванцаў). Актыўна падключаў да турнірных спаборніцтваў сваіх гадаванцаў з Шуміліна трэнер М. А. Кузьмін. Да кагорты ўдзельнікаў турніру падключаліся дырэктар школы А. Далімаеў, работнік культуры С. Кузьмініч, маладыя шахматысты Д. Шэўчык і У. Зданевіч, Г. Шкундзераў і А. Масько, іншы, не менш таленавіты падлесак.
Турнір доўгія гады збірае пад сваё “крыло” і вопытных шахматыстаў, і маладых. Гэты сімбіёз абнадзейвае. Адным з арганізатараў раённага турніру на прызы газеты “Герой працы”, а таксама ініцыятарам міжраённых шахматных спаборніцтваў не першы год выступае У. Вярлоў. Шмат гадоў запар турніры праводзяцца ў сценах Шумілінскай СШ № 1. Дырэктар М. З. Сямёнаў заўсёды ідзе насустрач просьбам: выдзяляе памяшканні, дапамагае з буфетам для гасцей.
І турнір-2010 не будзе выключэннем. Усе, хто жадае прыняць удзел у спаборніцтвах на прызы раённай газеты, могуць прыйсці 26 снежня ў СШ № 1. Пачатак турніру ў 10 гадзін раніцы.
Да сустрэчы, дарагія сябры раённай газеты і ахвотнікі шахматнай гульні.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2010 г.