Аб пастаўках беларускіх прадуктаў харчавання на расійскі рынак
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу 10 дзён урэгуляваць сітуацыю з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію. Такую задачу ён паставіў 3 снежня перад урадам на нарадзе аб прынятых мерах па зняцці забарон на ўвоз беларускай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю і транзіт тавараў санкцыйнага спіса.
Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў перадгісторыю пытання, якое ўзнікла ў выніку падзей ва Украіне, у чым заходнія краіны абвінавацілі перш за ўсё Расійскую Федэрацыю, выставіўшы шэраг умоў і ўвёўшы адносна Расіі санкцыі эканамічнага і фінансавага характару.
”Расія не лічыць сябе бокам канфлікту ва Украіне і падштурхоўвае ўкраінскія ўлады да дыялогу, у гэтым выпадку з кіраўніцтвам Луганскай і Данецкай рэспублік. Тое, што дыялог трэба весці, што трэба спыняць гібель ні ў чым не вінаватых дзяцей і старых, — гэта факт. І тут я абсалютна падтрымліваю пазіцыю Расіі. Больш таго, калі гаварыць па-мужчынску, то, калі некаму хочацца адзін аднаму морду набіць або пастраляць, я думаю, для гэтага ёсць ужо Данецкі аэрапорт. Няхай там збіраюцца і адзін у аднаго страляюць, — сказаў Прэзідэнт. — Але недапушчальна стральба па населеных пунктах, дзе жывуць ні ў чым не вінаватыя людзі”.
”Расійская Федэрацыя, доўга не разважаючы, прыняла рашэнне аб адказе на санкцыі, — адзначыў беларускі лідар. — Расія забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю пэўных тавараў з асобных краін, якія раней увялі супраць яе адпаведныя санкцыі”.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму за дзень да прыняцця расійскім урадам рашэння пазваніў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і праінфармаваў, што імі ўводзяцца такія санкцыі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у размове з Уладзімірам Пуціным ён гарантаваў выкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў на знешняй граніцы Мытнага саюза ў частцы недапушчэння падсанкцыйных тавараў на тэрыторыю Расіі з пэўных краін.
“Але я таксама папярэдзіў Прэзідэнта, што беларускія прадпрыемствы, якія заключылі і будуць заключаць кантракты з заходнімі партнёрамі па пастаўках тавараў на тэрыторыю Беларусі, прадоўжаць выконваць гэтыя дамоўленасці. Гэта значыць мы не далучаемся да санкцый Расіі (і гэтага Расія і не патрабавала) і працуем у звычайным ключы. І, калі мы, напрыклад, мяса, малако, агародніну і фрукты, рыбу завозілі і перапрацоўвалі на тэрыторыі Беларусі, а потым гандлявалі гэтымі прадуктамі на Еўразійскай прасторы, у тым ліку ў Мытным саюзе, мы так і будзем працаваць. На гэта Прэзідэнт Расіі сказаў: гэта ваша права, размова не аб гэтым”, — адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што размова ішла толькі аб тым, каб Беларусь, задзейнічаўшы мытную, пагранічную і іншыя службы, не дапускала прамых паставак у Расію забароненых тавараў. “Ніякай размовы аб недапушчэнні транзіту праз Беларусь у Казахстан, Манголію, Кітай не вялося”, — сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца аб’ёмаў паставак прадуктаў харчавання з Беларусі на расійскі рынак, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з моманту эмбарга яны па асобных пазіцыях калі і павялічыліся, то ўсяго на 2-5%. Пры гэтым Беларусь нават поўнасцю не вычарпала аб’ёмы ўзгодненых у пачатку года з Расіяй балансаў паставак.
«На сённяшні дзень, на канец года, мы недапаставілі гэтай прадукцыі ў дагавораных аб’ёмах. Чаго нас папракаць, што мы павялічылі нешта, прывезлі аднекуль? Мы дамовіліся і маем магчымасць пастаўкі на расійскі рынак яшчэ па 10-15 працэнтаў тавараў, пачынаючы ад малочных, мясных і заканчваючы рыбай. Якія могуць быць папрокі, што мы тут павялічылі нешта і пастаўляем звыш нормы, дэмпінгуючы, збіваючы цэны ў Расійскай Федэрацыі? Не можа быць прэтэнзій!» — заявіў Прэзідэнт.
«Мы не можам сёння ўвезці, нават калі б нам захацелася, больш мяса і малака, чым мы ўвозілі з Захаду (да ўвядзення Расіяй санкцый) для перапрацоўкі, паколькі ў нас няма лішніх магутнасцей», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
”Мы катэгарычна забаранілі махінацыі з заходнімі таварамі з мэтай паставак на расійскі рынак — накшталт, пераклеілі ярлык і паставілі. Гэтага няма, не было і не будзе! Але мы перапрацоўвалі і будзем перапрацоўваць тую прадукцыю, якую лічым патрэбным, на тэрыторыі Беларусі”, — заявіў Прэзідэнт.
”Кантрабандных тавараў ад сваіх партнёраў па Мытным саюзе мы ў Беларусі атрымліваем значна больш: турэцкіх, кітайскіх, неабавязкова харчовых, харчовыя не могуць канкурыраваць у Беларусі. Нехарчовых тавараў — шмат! І мы не прад’яўлялі ніколі Расійскай Федэрацыі прэтэнзій, а таксама Казахстану”, — падкрэсліў беларускі лідар.
“Але тым не менш Расія павяла сябе непрыстойна, забараніўшы многім беларускім прадпрыемствам пастаўку харчовых тавараў на тэрыторыю Расіі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Узнікае пытанне: чаму гэта адбылося? — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Рознае жуллё, якое круціцца ў Расіі, хоча нажыцца на расійскім рынку за кошт узнімання цэн. Пастаўка беларускіх тавараў значна стрымлівае рост цэн у Расійскай Федэрацыі, а, зразумела, мы ведаем, каму гэта не на руку. Але гэта іх праблема”.
”Пытанне ў тым, што Расія пайшла на парушэнне ўсіх нашых дамоўленасцей, якіх мы дасягнулі ў Мытным саюзе. Так, можна гэта тлумачыць нейкімі пытаннямі бяспекі — можна прыдумаць усё і прышыць ярлыкі”, — адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што беларускую прадукцыю добра ведаюць у іншых краінах і купляюць.
“Калі паставіць пытанне аб тым, якія ўсё ж такі тавары больш бяспечныя, беларускія або расійскія, гэта выкліча проста смех не толькі ў Беларусі, але і ў любога расіяніна. Таму што ў Расійскай Федэрацыі, няхай на мяне не крыўдзяцца, на паўстагоддзя адсталі ад Беларусі ў плане бяспекі тавараў”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі захаваны савецкія ДАСТы, да іх выстаўляюцца строгія патрабаванні. “Любы расіянін, які карыстаецца нашымі таварамі, і харчовымі, і нехарчовымі, скажа прама на карысць беларускіх тавараў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аб гэтым сведчаць і кірмашы, і выстаўкі, праводзімыя ў Расіі, на якіх тысячы тон беларускай прадукцыі прадаюцца за 3-4 гадзіны. “Людзі галасуюць рублём”, — адзначыў Прэзідэнт.
”Нашу прадукцыю ў Расіі, Казахстане і іншых краінах цудоўна ведаюць, купляюць, ды і мы спажываем гэтыя прадукты. Больш таго: усё лепшае, каб не было прэтэнзій, мы пастаўляем на знешнія рынкі, перш за ўсё ў Расійскую Федэрацыю. І ў гэтым плане я адмятаю ўсялякія прэтэнзіі да якасці беларускай прадукцыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён не выключыў, што і ў Беларусі ёсць пэўныя праблемы і гэта не значыць, што ў краіне павінны “самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах: у нас жа, маўляў, усё добра”.
«Узнікае пытанне: навошта тады ў гэтай сітуацыі нагнятаць абстаноўку і ствараць праблемы: Навошта?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папракнуў беларускі ўрад у няздольнасці вырашыць пытанне з Расіяй па пастаўках прадукцыі: «Маё абурэнне выклікалі не толькі паводзіны Расіі, але і бесхрыбетнасць нашага ўрада, які чарговы раз выводзіць здохлыя праблемы на Прэзідэнта».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тыдзень таму ім былі дадзены канкрэтныя даручэнні ўраду аператыўна выпрацаваць дзейсныя меры па ўрэгуляванні сітуацыі і зняцці забарон і абмежаванняў на пастаўкі ў Расію і транзіт па яе тэрыторыі. Таксама было пастаўлена пытанне па процідзеянні такой палітыцы з боку Расійскай Федэрацыі.
«Непаваротлівасць і пасіўнасць з боку нашых міністэрстваў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, губернатараў і ўрада мяне проста ўражвае! Чаго чакалі тры месяцы? Чаму адразу не прапанавалі нашым партнёрам дэталёва разабрацца па сутнасці праблем, чаму не здымалі аператыўна пытанні? У сваіх дакладах вы бойка адмятаеце ўсе абвінавачанні ў свой адрас, а дзе ваш запал за сталом перагавораў?» — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
Ён падкрэсліў, што чакае ад службовых асоб, якія адказваюць непасрэдна за стан спраў у гэтай сферы, адказу на пытанне, калі пачнуцца пастаўкі на расійскі рынак тавараў 23 беларускіх прадпрыемстваў, што трапілі пад абмежаванні, а таксама як Беларусь будзе забяспечваць свае міжнародныя абавязацельствы па транзіце тавараў. Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што яго цікавіць, як урад выканаў задачу па заняцці вызваляемых таварных ніш.
«Калі Расія не хоча, каб нейкія тавары ішлі праз яе транзітам у Казахстан, Узбекістан, Кітай, Манголію, Турцыю і іншыя краіны — няхай яна займаецца забаронай гэтага транзіту. Але не мы!» — падкрэсліў беларускі лідар.
«Мы транзітная рэспубліка, мы ад гэтага атрымліваем хоць і невялікія, але нейкія грошы. Мы не можам забараніць праз нашу тэрыторыю транзіт тавараў у іншыя краіны. Гэта парушэнне ўсіх норм міжнароднага права», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«І мы разумеем, што Расія нас такім чынам штурхае паперадзе сябе, каб мы забаранілі, мы не пускалі. А ў той жа час праз прыбалтыйскую граніцу і іншыя пагранічныя пункты яны павялічваюць гэты транзіт», — адзначыў Прэзідэнт.
«Узнікае пытанне: яны што, хочуць закрыць Беларусь як транзітную дзяржаву? Гэта ж наш рэсурс! Мы гэтага дапусціць не можам!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі адпрацаваны механізм і ўсе транзітныя грузы ў суправаджэнні ідуць да Расійскай Федэрацыі. «Мы перадаём Расіі, ну а яны там няхай забараняюць, калі хочуць не дапусціць транзіту. Але гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, парушэнне ўсіх норм міжнароднага права і нам не трэба ў гэта ўключацца», — лічыць беларускі лідар.
«Мы дамовіліся з расійскімі партнёрамі, што не будзем цярпець ад уведзеных эканамічных санкцый у адказ адносна Амерыкі і Еўропы. Нам дай бог вылезці б з тых санкцый, якія прыменены супраць нас. Мы ж не можам далучацца да санкцый і пагаршаць сваё становішча, і так у нас хапае праблем», — дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы строга паставіў пытанне кантролю якасці прадукцыі ўнутры Беларусі, парадку на прадпрыемствах, выканання тэхналогіі перапрацоўкі і ўсіх рэгламентаў, пачынаючы ад граніцы, транзіту, недапушчэння рээкспарту і да наладжвання паставак беларускай прадукцыі. Прэзідэнт таксама даручыў больш актыўна шукаць новыя рынкі збыту.