Пейте, дети, молоко… а не пиво

Молодёжь Общество

Піце, дзеці, малако… а не піва
19 лістапада прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Пасяджэнне правёў старшыня камісіі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Як звычайна, удзел у абмеркаванні сітуацый і прыняцці рашэнняў узялі прадстаўнікі сацыяльных службаў, адукацыі, медыцыны, праваахоўных органаў.
Такое мерапрыемства, як правіла, пакідае дваякае адчуванне. З аднаго боку, падлеткі сваімі паводзінамі быццам “падстаўляюць” сваіх бацькоў, ставяць іх у сітуацыю, калі трэба чырванець, апраўдвацца і нешта абяцаць, плаціць штрафы. А з другога боку, абсалютна зразумела, што віна бацькоў, якія трапілі на пасяджэнне камісіі, відавочная. І многіх пасля такога “стрэсу” больш ні на якіх падобнага кшталту прафілактычных мерапрыемствах не сустрэнеш. Ім, што называецца, і аднаго разу хапіла. Але бываюць і такія, што зноў і зноў трапляюць у поле зроку камісіі.
Не ўсе ўлічваюць той факт, што пакрысе з’яўляюцца новыя спосабы кантролю і выяўлення фактаў неналежных паводзін. Да прыкладу, у гэты раз на пасяджэнні разглядаўся выпадак, калі трое падлеткаў звярнуліся з просьбай да незнаёмага дарослага купіць ім піва. Мужчына на просьбу адгукнуўся і “забяспечыў” непаўналетніх абсалютна недзіцячым напіткам. Ці маглі яны думаць, што ўвесь працэс “здзелкі” быў зафіксаваны з дапамогай відэакамер, што магазін “Юліна” абсталяваны гэтымі прадметамі тэхнічнага прагрэсу. Герояў пазналі, і дзяцей, і мужчыну, далі зразумець з дапамогай штрафаў і прафілактычных гутарак, што так рабіць нельга.
Калі сям’я, дзе выхоўваюцца малыя дзеці, трапляе пад кантроль сацыяльна-педагагічных службаў, то вярнуць сабе добрае імя аказваецца не дужа лёгка. Сям’ю пастаянна кантралююць, нечакана наведваюць, правяраюць умовы жыцця: ад парадку ў пакоях да наяўнасці прадуктаў харчавання ў халадзільніку. Зноў заваёўваць давер прыходзіцца доўга. Такія бацькі становяцца пастаяннымі гасцямі на пасяджэннях. Спецыялісты аналізуюць кожную канкрэтную сітуацыю, прымаюць пад увагу старанні маці і бацькі, рашаюць, ці можна ім давяраць выхаванне іх уласных дзяцей. Да прыкладу, у адной маці дзіця трапіла ў бальніцу з запушчанай хваробай. Пакуль яго там лячылі, яна закадзіравалася і быццам узялася за розум. Але пытанняў да жанчыны яшчэ шмат, таму за ёй будзе працягвацца самы пільны кантроль. Яшчэ ў адной схільнай да выпіўкі мамы забралі дзяцей у прытулак. Яна пачала лячэнне ад алкагалізму. Камісія чакае вынікаў.
Галоўны ўрач райбальніцы К. Ф. Баканаў паведаміў, што на ўліку ва ўрача-нарколага сёння знаходзіцца шэсць непаўналетніх. Усе гэтыя падлеткі пастаўлены на ўлік сёлета. Ён засяродзіў увагу на тым, што трапіўшы на такі ўлік, “зняцца” з яго потым вельмі няпроста. Таксама галоўны ўрач запэўніў, што падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў сувязі з ужываннем наркотыкаў, у раёне няма. Медыкі праводзяць прафілактычную работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця: лекцыі ў школах, пра-філактычныя гутаркі з дзецьмі, якія паспрабавалі спіртное, і іншае.
24 дзіцяці з 22-х сем’яў жывуць не з бацькамі, а з іншымі роднымі. Як правіла, гэта бывае, калі бацькі працуюць у іншых гарадах і прыязджаюць толькі на выхадныя. Сітуацыю ў такіх сем’ях прааналізавала галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Юлія Уласевіч. Усе бацькі забяспечваюць дзяцей матэрыяльна і па магчымасці наведваюць.
Анатоль Мікалаевіч разам з намеснікам старшыні камісіі Л. А. Грузневіч завастрылі ўвагу членаў камісіі па справах непаўналетніх на важнасці ўзгодненай і зладжанай работы паміж усімі суб’ектамі прафілактыкі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *