Дети нашли заботу в приёмной семье

Общество Семья

Знайшлі бацькоўскую любоў і клопат
Так здарылася ў жыцці, што пляменніца Ганны Сямёнаўны Дарожкінай з Язвіна засталася  без бацькоўскай апекі.  Жанчына ўзяла дзяўчынку да сябе. У Ганны Сямёнаўны нават і ў думках не было, каб аддаць дзіця ў прытулак – тры гады выхоўвала яе. Цяпер дзяўчынка падрасла і пераехала да бабулі.
Ганна Сямёнаўна, якая разам з мужам выхавала сваіх дваіх дзяцей, усур’ёз задумалася камусьці яшчэ падарыць сямейную цеплыню і ўвагу. Чым больш дзяцей будуць браць у прыёмныя сем’і – тым людзі будуць дабрэй, упэўнена жанчына. З думкай, што “кожнаму дзіцятку патрэбна сям’я” і накіравалася ў Обальскі прытулак. Хацела ўзяць на выхаванне дзяўчынку. Але ў Наташы, якая ёй адразу спадабалася, быў яшчэ і  малодшы брацік.
“Прызнацца, спачатку баялася мужу расказаць пра сваё рашэнне, – кажа Ганна Сямёнаўна. – Сумнявалася: ці зразумее мяне? Ён прыняў інфармацыю моўчкі, доўга думаў. Але потым усё ж згадзіўся са мной, зразумеў і прыняў дзяцей. Ну, а дваім дарослым сынам, якія жывуць асобна, нічога не заставалася, як прыняць наша рашэнне”. Так паўгода таму ў Дарожкіных з’явіліся прыёмныя сын і дачка  – Наташа і Лёша Аверчанкі.
Ганна Сямёнаўна працуе ў школе гардэробшчыцай, так што дзеці, можна сказаць, кожны перапынак у яе пад наглядам. “Наташа часта прыбягае ў гардэроб, пацалуе сваю прыёмную маму, раскажа пра ацэнкі, – кажа дырэктар Язвінскай школы І. Р. Кажанеўская. – Падзеліцца, што яна сёння сыграе на піяніна – дзяўчынка наведвае філіял музычнай школы. Бачна, што ў сям’і цёплыя адносіны. Галоўнае, што дзеці свецяцца шчасцем. Ды ў Дарожкіных і не магло быць інакш: Аляксандр Мікалаевіч і Ганна Сямёнаўна вельмі прыстойныя людзі, яны добра выхоўваюць дзяцей. Сочаць і за іхняй вучобай”.
Дарожкіны згадалі, як у пачатку года яны прывучалі Наташу і Лёшу да сваёй сям’і  і бралі дзяцей да сябе на выхадныя. “Дзяўчынка аказалася больш пакладзістай, адразу сказала, што будзе жыць у нас, – кажуць Дарожкіны. – А вось хлопчык быў больш яршыстым, усё не згаджаўся. І толькі тады, калі правёў у нас некалькі дзён, падтрымаў рашэнне сястры. Але мы б не сказалі, што Лёша “цяжкі” падлетак. Ён вельмі шчыры, любіць пяшчоту, любіць, калі яго цалуеш і абдымаеш”.
“Нам добра жыць у сям’і, – расказалі Наташа і Лёша. – У нас ёсць свой пакой. Цёця Аня і дзядзя Саша вельмі нас любяць. І мы іх таксама”.
Вядома, васьмікласніца Наташа і пяцікласнік Лёша добра разумеюць, што дзесьці там, у адной з вёсак раёна, жыве іх родная мамка. Тая, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў. Няхай тэлефануе дзецям, няхай выпраўляецца, узнаўляецца ў бацькоўскіх правах – Дарожкіны не супраць. Ну, а пакуль яны падораць Наташы з Лёшам свой бацькоўскі клопат.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *