Тэма тыдня: Моладзь – стратэгічны рэсурс грамадства

Актуалии Тема недели

У Беларусі 2015 год аб’яўлены Годам моладзі, адпаведны ўказ Прэзідэнт падпісаў у кастрычніку. Указ прыняты ў мэтах развіцця творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу моладзі, яе актыўнага прыцягнення да правядзення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у Беларусі, выхавання пачуцця патрыятызму і грамадзянскай адказнасці ў маладых людзей.

Маладзёжнай палітыцы ў краіне прысвоены статус аднаго з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай дзейнасці. Выбудавана аптымальная структура адносін дзяржавы і моладзі. Актыўную работу вядзе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, дзейнічае закон «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі», створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны малады чалавек мог спаўна рэалізаваць сябе ў жыцці.

На гэтым тыдні тэма маладзёжнай кадравай палітыкі перамясцілася ў цэнтр увагі СМІ ў сувязі з правядзеннем 21 лістапада Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам семінара са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. 25 лістапада адбыўся адукацыйны форум для асоб з Гродзенскай вобласці, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв, удзел у якім прыняў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў.

З верасня 2014 года Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ажыццяўляе праект «Адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня». За гэты час ён стаў масавым агульнарэспубліканскім праектам з удзелам усіх рэгіёнаў краіны, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, вядомых прадстаўнікоў беларускага спорту, культуры, навукі, палітыкі, бізнесу, разнастайных прафесійных галін. Мерапрыемствы адкрытага дыялогу аб’ядналі на дыскусійных пляцоўках амаль 70 тыс. чалавек — навучэнцаў, працуючую моладзь, кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, органаў дзяржаўнай і выканаўчай улады, прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі.

Мэта гэтых мерапрыемстваў — прыцягнуць дадатковую ўвагу органаў дзяржаўнага кіравання, шырокай грамадскасці да пытанняў рэалізацыі асноўных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі.

Рэзерв кадраў дапамагае разгледзець і навучыць патэнцыяльнага кіраўніка з лепшых — Радзькоў

Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў у Гродне на абласным адукацыйным форуме для асоб, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв.

«Узрост да 31 года — вельмі важны этап жыцця і будучага росту. У гэтым узросце ў жыццё выходзяць актыўныя маладыя людзі з добрай тэарэтычнай падрыхтоўкай пасля ВНУ, і гэта менавіта той перыяд, калі яны робяць выбар, ставяць мэты, кім яны хочуць стаць, пачынаюць удасканальвацца ў сваёй прафесіі. У гэты момант вельмі важна разгледзець і падтрымаць сярод лепшых спецыялістаў тых, хто хоча і зможа ў будучым скласці аснову кіраўнікоў. Іх трэба падтрымаць, навучыць, як будаваць планы, як арганізаваць людзей, як стаць ім прыкладам грамадзянскай пазіцыі, а з цягам часу перадаць у іх рукі лёс краіны», — лічыць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

На думку Аляксандра Радзькова, вельмі важна, каб рэзерв кадраў не быў статычным — яго неабходна пастаянна папаўняць, з яго павінны расці кіраўнікі і дзяліцца вопытам, гэтым перспектыўным людзям трэба мець стасункі паміж сабой, падказваць.

«У Беларусі мы праводзім гэту неабходную работу з кадрамі і задаволены вынікамі. Моладзь сёння падрыхтавана да сур’ёзных задач, яна хоча добра зарабляць, будаваць будучыню і ў цэлым мае цвёрдую грамадзянскую пазіцыю», — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

У адукацыйным форуме прынялі ўдзел спецыялісты, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама, прадстаўнікі рэзерву кадраў упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, упраўлення Следчага камітэта, пракуратуры, абласнога ўпраўлення МНС, вышэйшых навучальных устаноў. Перад імі выступілі выкладчыкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, губернатар вобласці Уладзімір Краўцоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. Адбылася размова з іншымі прадстаўнікамі дзяржорганаў, рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў Гродна. Праведзены таксама псіхалагічны трэнінг, тэсціраванне па ацэнцы кіраўніцкіх кампетэнцый, круглы стол.

Такія форумы праводзяцца ва ўсіх абласцях з мэтай навучання, развіцця лідарскіх якасцей, кіраўніцкіх здольнасцей, пашырэння кругагляду, умацавання ідэалагічнай і грамадзянскай пазіцыі будучых кіраўнікоў.

Радзькоў: Агульная рыса добрага кіраўніка — інтарэс да розных бакоў жыцця

Адказваючы на пытанне аб якасцях, неабходных патэнцыяльнаму кіраўніку, Аляксандр Радзькоў вылучыў менавіта гэту. «Калі чалавек праяўляе жывы, актыўны інтарэс да розных бакоў жыцця, то з яго дакладна атрымаецца кіраўнік. Напрыклад, каб стаць аўтарытэтным кіраўніком, ты павінен перш за ўсё быць выдатным спецыялістам у сваёй прафесіі, інакш за табой не пойдуць людзі, не будуць табе давяраць. А любая справа лягчэй даецца таму, каму яна цікавая. Не кажучы ўжо аб эрудыцыі», — растлумачыў ён.

Безумоўна, ёсць катэгорыя і тых, каму камунікацыі і здольнасці арганізаваць людзей даюцца з дзяцінства, ад прыроды альбо дзякуючы адказнаму выхаванню ў сям’і і школе. Але каб малады чалавек усвядоміў гэта, яму трэба даць магчымасць паспрабаваць, даведацца, ці можа ён арганізаваць, пераканаць. Для гэтага ёсць рэалізацыя ў грамадскіх арганізацыях, якія прадастаўляюць магчымасць праверыць свае арганізатарскія здольнасці, а пасля і рэзерв кадраў, лічыць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Што датычыцца кадравага патэнцыялу Гродзенскай вобласці, то, на думку Аляксандра Радзькова, людзі тут адрозніваюцца высокай патрабавальнасцю да саміх сябе ў галіне адукацыі і самаўдасканалення. Радуе і грамадзянская пазіцыя. Менавіта ў Прынямонні, згодна з вынікамі сацыялагічных даследаванняў, найменшы працэнт тых, хто хоча паехаць працаваць за мяжу, замест гэтага маладыя людзі маюць намер знайсці сябе і праявіць здольнасці ў сваёй краіне.

У Мінску ствараюць спецыяльную сістэму падбору перспектыўных маладых людзей, гатовых прысвяціць сябе дзяржслужбе

Своеасаблівы банк даных перспектыўных маладых людзей плануецца стварыць у Мінску. Аб гэтым паведаміў на сустрэчы з моладдзю ў рамках агульнарэспубліканскага праекта «Адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

«Дзяржапарат мае дэфіцыт маладых кадраў. Па маім даручэнні ў Мінску займаюцца стварэннем спецыяльнай сістэмы падбору перспектыўных маладых людзей, гатовых прысвяціць сябе дзяржаўнай службе. Гэта тыя людзі, якія не разглядаюць работу ў камерцыйных структурах, яны гатовы працаваць на вынік і поўныя ідэй», — сказаў Андрэй Шорац.

Граданачальнік выказаў надзею, што сустрэча з маладымі людзьмі паслужыць своеасаблівым штуршком для апошніх, і яны стануць тымі генератарамі ідэй, якія дадуць магчымасць зрабіць Мінск лепшым, больш утульным і камфортным для пражывання. «Я чакаю канкрэтных ініцыятыў і прапаноў, якія прынясуць карысць краіне. Мінгарвыканкам адкрыты для супрацоўніцтва, мы гатовы дыскутаваць і абмяркоўваць любыя пытанні», — падкрэсліў Андрэй Шорац.



2 комментария по теме “Тэма тыдня: Моладзь – стратэгічны рэсурс грамадства

  1. «…створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны малады чалавек мог спаўна рэалізаваць сябе ў жыцці.»

    Рэалізаваць сябе, ці стаць вінцікам даўно адладжанай машыны, якая і створаная ў асноўным і галоўным для падаўлення асобы?

    Дадумаліся ж да лозунга: «Маладзь — стратэгічны РЭСУРС», нібыта пра нейкі выкапень…

    Так, сталінскі падыход да чалавека, як не маскіруй яго, усё адно вылазіць.

  2. Хто хоча сябе рэалізаваць, той сябе рэалізуе і нішто яму не перашкодзіць. Хто захоча стаць вінцікам, той стане вінцікам. а для кагосьці стаць вінцікама — гэта мара ўсяго жыцця.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *