Компьютерные аферисты делают деньги на вашей доверчивости

Происшествия

Калі рыльца ў пушку
Камп’ютарныя тэхналогіі і інтэрнэт вывелі махлярства на новы, глабальны ўзровень. Калі раней ашукаць магла хіба цыганка ля вакзала, то зараз прама з экрана дамашняга камп’ютара вам то прапануе вялікі скарб нігерыйскі прынц, то абяцае мільённую спадчыну ад невядомага заакіянскага дзядзькі амерыканскі юрыст. Трэба толькі заплаціць 100, 200, 500, 1000 долараў. Апошнім часам з інтэрнэта абрынулася новая напасць.
“Людзі, якія звяртаюцца ў дзяжурную часць РАУС,  расказваюць, што на экране іх персанальных камп’ютараў з’яўляецца ліст-патрабаванне быццам ад МУС Беларусі аплаціць штраф памерам у адзін мільён рублёў за прагляд або капіраванне матэрыялаў, якія ўтрымліваюць элементы насілля і парнаграфіі, – кажа намеснік начальніка РАУС Ю. А. Арлоў. – Толькі пасля платы людзям абяцаюць на працягу сутак  прыслаць код разблакіроўкі браўзера”.
У такіх выпадках міліцыянеры раяць адключыць камп’ютар, а галоўнае –  не спяшацца плаціць так званы штраф. Кожны грамадзянін павінен ведаць, што без выкліку ў міліцыю ці ў суд ніхто не аштрафуе. А тым больш ніхто з прававых структур не адправіць падобнае патрабаванне такім чынам. Справіцца з віруснай атакай  на ваш камп’ютар дапаможа адпаведны спецыяліст.
З падобнымі віруснымі атакамі і махлярствам у камп’ютарнай сетцы сутыкаюцца жыхары ўсёй рэспублікі. Некаторыя з лёгкасцю вераць напісанаму на маніторы і спяшаюцца заплаціць штраф.  У першую чаргу гэта тыя, у каго рыльца ў пушку. Бачна, адчуваюць сваю віну ў тым, што на самой справе заходзілі на забароненыя сайты. “Толькі за апошнія дзесяць дзён на прапанаваны злачынцамі электронны кашалёк пераведзена каля сарака мільёнаў рублёў, – расказаў намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла. – Падобныя пасланні – гэта справа рук аферыстаў, і не варта паддавацца на правакацыі аб выплаце так званага штрафу. Аналагічныя формы авалодання грашыма грамадзян былі зафіксаваны і ў мінулыя гады,  злачынцы былі ўстаноўлены і затрыманы. Так, у 2012 годзе затрымалі магістра тэхнічных навук, які на працягу некалькіх месяцаў “зарабіў” дзясяткі мільёнаў рублёў за кошт даверлівых інтэрнэт-карыстальнікаў. Мужчына асуджаны і адбывае пакаранне”.
Дарэчы, за распрацоўку, выкарыстанне або распаўсюджванне шкодных вірусных праграм пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. А за камп’ютарныя махінацыі з грашыма “можна разлічваць” на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Дарэчы, калі і сярод нашых чытачоў знайшліся даверлівыя людзі, якія пераслалі грошы махлярам, супрацоўнікі міліцыі раяць звярнуцца з заявай у РАУС.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *