Прафесія – па душы
Менавіта наяўнасць чыгункі ў Шуміліне вызначыла выбар палачанкі Юліі Арловай, якая працуе ветэрынарным фельчарам ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Вясной гэтага года дзяўчына была ў гаспадарцы на практыцы, праявіла сябе з добрага боку. І, трэба адзначыць, сама засталася задаволенай. Кіраўніцтва абяцала выдзеліць асобны пакой у кватэры з усімі зручнасцямі, калі вернецца працаваць.
“Абяцанне стрымалі, – усміхаецца Юлія. – У мяне пакой у трохпакаёвай кватэры. У астатніх двух жывуць яшчэ дзве дзяўчыны – заатэхнік і юрыст. Умовы для жыцця ў нас добрыя: светла і цёпла, ёсць гарачая вада”. Як толькі Юля прыехала ў гаспадарку, узялася абстаўляць свой пакой. Паўтара мільёна пад’ёмных хапіла хіба толькі на посуд, але на дапамогу паспяшаліся бацькі, якія прывезлі з Полацка ложак, шафу, стол, халадзільнік. Адзначым, што адну паліцу ў шафе займаюць канспекты і кнігі па ветэрынарыі, якія Юля часта чытае вечарамі.
“Шчыра скажу: зарплата ў 2,3 мільёна рублёў мяне не вельмі радуе, – кажа Юля. – Добра, што дапамагаюць бацькі. Але маркоты ў маім настроі няма: я планую завочна атрымаць вышэйшую адукацыю думаю, думаю, і зарплата стане большай. Я чалавек аптымістычны, і мне вельмі цікава працаваць, удасканальваць свае веды, дабівацца поспехаў”.
Юля марыла быць ветфельчарам з самага дзяцінства. У вёсцы, дзе жыве бабуля, на канікулах яна лячыла катоў і сабак. Яшчэ ў школе вырашыла, што будзе паступаць у Лужаснянскі аграрны каледж.
За свой рабочы дзень Юлія Арлова аб’язджае дзевяць ферм: робіць вакцынацыі, лечыць жывёлу. На пытанне, якая з работ падабаецца больш, дзяўчына, не задумваючыся, адказала: “Прымаць ацёлы!” Аказваецца, для гэтай дзяўчыны з лагодным поглядам і шчырай усмешкай, гэта цяжкая, складаная і вельмі адказная работа падаецца лёгкай і нават цікавай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 88 ад 14.11.2014 г.