Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Ледзь жыццём не паплаціўся
Вечарам у адзін са снежаньскіх дзён на цэнтральны пульт райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра пажар у аграгарадку Слабада.
У выніку пажару пацярпелы С. атрымаў значныя цялесныя пашкоджанні спіны – апёкі 2-ой ступені.
З паказанняў відавочцаў пажару ўстаноўлена, што дзверы кватэры пацярпеўшага не былі замкнуты. І калі адзін з вяскоўцаў зайшоў туды, то ўбачыў задымлены пакой і гаспадара, які ляжаў ля самаробнага электрычнага награвальнага прыбора. Прыбор быў уключаны, ён стаяў на дзвюх цаглінах.
Вяскоўцы не разгубіліся, адключылі электранагравальнік, а затым выцягнулі пацярпеўшага ў калідор, патушылі вадой адзенне, якое гарэла на мужчыне.
На месцы пажару побач з пацярпеўшым быў і яшчэ адзін мужчына, які не пацярпеў. Ён патлумачыў, што разам з гаспадаром кватэры распівалі спіртное.
Прычынай узнікнення пажару з’явілася парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.
А. ПУШКАРОЎ, старшы інспектар дзяржпажнагляду райаддзела  па надзвычайных сітуацыях.

Раскаянне
Жыхарка а.-г. Светласельскі знаходзілася ў гасцях у знаёмай у гэтым жа аграгарадку. Здаецца, нічога крымінальнага, калі б не прапаўшы кашалёк са ста тысячамі рублёў. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю і расказала, што кашалёк з пакоя ўкралі ў час яе адсутнасці. Праз некалькі дзён у міліцыю з чыстасардэчным прызнаннем з’явілася госця. Яна поўнасцю кампенсавала ўрон пацярпеўшай. У сувязі з яўкай з павіннай крымінальная справа супраць жанчыны не ўзбуджана.
Конь
Жывёлавод СВК “Баравінка” прывязаў каня з калёсамі да агароджы непадалёк ад чыгуначнага пераезду. Але конь адвязаўся і выйшаў на чыгуначнае палатно непадалёк ад Краева прама перад цягніком Полацк-Масква. Адлегласць да каня была вельмі невялікай, машыніст не паспеў затармазіць… Пад коламі цягніка конь загінуў. Эшалон і пасажыры не пацярпелі.
Лайдацтва
Жыхар в. Плігаўкі быў асуджаны за крадзеж да 2,2 года. Частку пакарання замянілі на выпраўленчыя работы. Мужчына быў пісьмова азнаёмлены з патрабаваннямі да яго, галоўнае з якіх – працаваць, каб змаглі ўтрымліваць у даход дзяржавы 20% заробку. Але мужчына не з’яўляўся на рэгістрацыю ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю, на работу не ішоў. За ўхіленне ад адбывання пакарання супраць вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Грабеж
А 17-й гадзіне вечара на жыхарку Мікалаёва, якая вярталася дадому з Улы, напалі двое невядомых. Хлопец ударыў жанчыну, а дзяўчына вырвала з рук пацярпелай сумачку. Злодзеі пабеглі ў бок Улы. Па справе праводзіцца праверка.
Суіцыд
Мужчына адной з вёсак раёна сышоў з дому. Родныя забілі трывогу, звярнуліся ў міліцыю. Прапаўшага знайшлі праз некалькі дзён… на вісельні. Праводзіцца праверка і высвятляецца, чаму мужчына закончыў жыццё самагубствам.
Аліменты
Жыхар а.-г. Кардон быў абавязаны згодна з рашэннем суда выплачваць аліменты на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей у памеры 33% з усіх відаў заробку. Але мужчына не мог надоўга затрымацца ні на адным прадпрыемстве, бо працаваць не хацеў. Доўг па аліментах склаў каля чатырох мільёнаў рублёў. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Бульба
У міліцыю звярнуўся жыхар а.-г. Слабада – з падполля ягонага дома прапала 200 кілаграмаў бульбы. У час адсутнасці гаспадара невядомыя злодзеі ўзламалі дзверы і праніклі ў дом. Па дадзенаму крадзяжу праводзіцца праверка.
Веласіпед
Пацярпела жыхарка вёскі Заронава – са двара яе дома прапаў веласіпед. Акрамя гэтага, невядомыя злодзеі прабраліся ў дом і ўкралі адтуль больш за сто тысяч рублёў. Вядзецца праверка.
Крадзяжы
Сёлета на тэрыторыі раёна зарэгістравана 160 крадзяжоў. Прычым, значная частка з іх – крадзяжы з жылля. Наконт крадзяжоў мабільных тэлефонаў жыхары раёна звярталіся ў РАУС 14 разоў, а наконт крадзяжоў аўтамабіляў толькі аднойчы.
Па матэрыялах РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 99 ад 21.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *