Районная Доска почета: Любовь Егоровна Каштанова

Актуалии Общество Экономика

Гарантуе якасць шумілінскіх сыроў
Той факт, што Любоў Ягораўну Каштанаву не толькі не адпусцілі на заслужаны адпачынак, калі прыйшоў час, але яшчэ і вылучылі ад прадпрыемства на раённую Дошку гонару, сведчыць пра яе высокі прафесіяналізм, пра тое, што яе веды, уменні і вопыт – надзвычай каштоўныя. Можна таксама зрабіць высновы, што жанчыну цэняць і паважаюць калегі, бачаць у ёй не толькі прафесіянала сваёй справы, але і чалавека важкіх маральных якасцяў.
Любоў Ягораўна скончыла Слуцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча перапрацоўчай прамысловасці і ўжо 36 год працуе лабарантам хімбаканалізу вытворчага цэха ААТ “Малако”. Гэта надзвычай адказны ўчастак работы ў вялікай справе вытворчасці сыроў. Любоў Ягораўна са сваімі калегамі ў адказе за якасць вырабляемай прадукцыі, за аўтарытэт вытворчасці ў цэлым, калі хочаце.
Вось партыя сыроў пайшла, скажам, на Расію. Любая прэтэнзія да якасці прадукцыі можа пацягнуць за сабой нежартоўныя праблемы. Тут вам і аўтарытэт, і ацэнка работы. Але такіх прэцэдэнтаў, можна сказаць, не бывае: лабараторыя мае самае сучаснае абсталяванне, спецыялісты пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю.
Любоў Ягораўна з веданнем справы гарантуе, што шумілінскія сыры – якасныя. І мы ёй верым. Гэта жанчына наогул пакідае ўражанне чалавека праўдзівага і сціплага. Яна з удзячнасцю ўспрымае ўсё, што дае ёй жыццё, любіць родных, людзей наогул. Добразычлівы позірк, мяккая сціплая ўсмешка, шчырасць у выказванні думкі – усё гэта раскрывае Любоў Ягораўну як прыемнага суразмоўцу, сумленнага чалавека, простую, добрую жанчыну.
Яна ўпэўнена, што ў любой справе варта праяўляць  працавітасць і добразычлівасць. І тады ўсё атрымаецца, усё будзе добра.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №86 ад 08.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *