Летні біятлон
У Наваполацку прайшлі адкрытыя міжнародныя спаборніцтвы па летнім біятлоне. Юныя шумілінскія біятланісткі вызначыліся ў спрынце на 5 км з двума агнявымі рубяжамі. Вольга Гаўрылкіна заваявала першае месца, Вольга Высоцкая – другое. Трэніруе дзяўчат Генадзь Салапаеў.
* * *
Таксама выхаванцы Генадзя Салапаева паспяхова выступілі на першынстве біятлонных аддзяленняў СДзЮШАР “Алімпіец”. Сярод хлопчыкаў 2001-2002 гадоў нараджэння ў спрынце другім стаў Алег Сабалеўскі. Ва ўзроставай групе 2003-2004 гадоў нараджэння сярод дзяўчынак спрынт выйграла Зарына Аверчанка, а Вячаслаў Васілеўскі ў спрынце сярод хлопчыкаў стаў другім. Паспяховым можна назваць і дэбют Карыны Касьянавай і Паліны Сабалеўскай, якія ў сваіх узроставых групах у спрынце занялі пятыя месцы.
Валейбол
Рэспубліканскі турнір па валейболе сярод дзяўчат 2001 года нараджэння, які прайшоў у Віцебску, сабраў каманды з Шуміліна, Віцебска, Наваполацка, Бешанковіч і Мазыра. На рахунку шумілінскай каманды (трэнер Людміла Харкавец) перамогі над наваполацкімі і мазырскімі валейбалісткамі і пройгрышы камандам з Віцебска і Бешанковіч. Гэта дазволіла нашым зямлячкам заняць на турніры трэцяе месца. Лепшым іграком нашай каманды прызналі Віталію Масько, добры ўзровень гульні паказалі Карына Пяткевіч, Кацярына Лемешава і Дар’я Катлова. Трэнер нашай каманды адзначыла і гульню дэбютантак спаборніцтваў Насці Далжанковай, Насці Сівачэнка і Дашы Галуза.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №86 ад 08.11.2014 г.