Рэйсавыя будні Віктара Ляхава
Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт раённай газеты вырашыла зірнуць на жыццё вачыма вадзіцеля рэйсавага аўтобуса і расказаць пра ягоны рабочы дзень.
“Ехаць у рэйс рэкамендую з Віктарам Леанідавічам Ляхавым, – параіў начальнік аўтастанцыі Шуміліна М. Л. Багданаў. – Яму, як аднаму з лепшых вадзіцеляў, сёлета даверылі новы ПАЗ. Да таго ж, кіраўніцтва Полацкага аўтапарка ўзнагародзіла яго да свята граматай і прэміяй”.
Раніца. А палова пятай. На вуліцы цёмна. Мой арганізм пратэстуе – уставаць не хочацца. Але менавіта ў такі час прачынаецца вадзіцель рэйсавага аўтобуса Ляхаў. Прыйсці на аўтастанцыю трэба як мінімум за гадзіну да пачатку работ, бо трэба многае паспець: праверыцца на алкатэстары ў раённай бальніцы, атрымаць пуцявы ліст у дыспетчара, заправіць паліўны бак. Таксама трэба праверыць і падрыхтаваць аўтобус, прагрэць салон – і толькі тады аўтобус падаецца на пасадку.
Самы ранні рэйс у гэты дзень быў на Дубраўскія. Ехаць туды ў 6.30 раніцы пажадалі толькі два чалавекі. Вадзіцель аказаўся даволі гаваркім, з пачуццём гумару, хаця і прызнаўся шчыра, што “не хацеў трапіць на старонкі газеты”. Але ж як пастаянны чытач раённай газеты проста не змог пакрыўдзіць карэспандэнта. Паміж перапынкамі (а іх было пяць: у Лескавічах, Башнях, Дубраўскіх, Лажку і Цербяшове) Віктар Леанідавіч расказаў некалькі жыцейскіх гісторый і анекдотаў. Па дарозе ў аўтобус падсела яшчэ пяць пасажыраў.
– Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак Дубраўскія, – гучна аб’яўляе вадзіцель.
Людзі ўсміхаюцца, бо звычайна на вясковых дарогах не прынята аб’яўляць прыпынкі. Але ж Віктар Леанідавіч, відаць, хацеў здзівіць добрым валоданнем беларускай мовы. Ну, і крыху прыўзняць настрой. І гэта яму, прызнацца, удалося.
На адваротным шляху пасажыраў у аўтобус назбіралася больш. Некаторыя жыхары Башнёў і Лескавіч спяшаліся, каб паспець да ранішняга цягніка, бо ездзяць працаваць у Віцебск. З гэтай нагоды некалькі гадоў таму вяскоўцы звярталіся да кіраўніцтва Полацкага аўтапарка з хадайніцтвам змяніць расклад руху. І людзям пайшлі насустрач: цяпер аўтобус выходзіць з Шуміліна раней.
Некалькі хвілін перадыху – і ў наступны рэйс. На гэты раз у Слабаду. У аграгарадок аўтобус ідзе немнагалюдны, затое адтуль пасажыраў назбіралася. Хто ехаў да бальніцы, хто да аўтастанцыі. А адна жанчына з вялікімі сумкамі расказала, што трымае шлях да родзічаў у Полацк. “З грузам не першы раз еду, таму ведаю, што трэба браць білет яшчэ і на багаж, – кажа жанчына. – А я і не супраць, і так дзякуй вадзіцелям, што бяруць з такімі бауламі”.
Пасля рэйсу “па горадзе” (маецца на ўвазе Шуміліна) Віктар Ляхаў зноў адпраўляецца ў Дубраўскія. У другой палове дня ён развозіць, можна так сказаць, дадому тых вяскоўцаў, якія прыехалі ў райцэнтр раніцай. Але ёсць і новыя пасажыры. У водпуск да маці едзе маладая кабета з дзіцём, яшчэ адзін вясковец папрасіўся перавезці да Башнёў новы падлеткавы веласіпед, які купіў на дзень нараджэння ўнука. Вадзіцель праверыў білеты – аказалася, за багаж ужо заплачана. Пасажыраў прыбаўляецца ў Лескавічах і Башнях.
Настрой усім пасажырам падняла адна жанчына.“Возьмеце мяне з Машкай, яна маленькая, усяго два годзікі?” – нясмела запыталася пенсіянерка. Пытанне падалося дзіўным – ніхто ж не пытае дазволу, калі едзе з унучкай. Як потым высветлілася, так падумалі ўсе пасажыры. І якое ж было ўсеагульнае здзіўленне, калі ў салон пасунулася жанчына… з казой. “Не, прабачце, аўтобус пасажырскі, гэта значыць, для людзей, а не для козачак”, – усміхнуўся вадзіцель. Чулася ажыўленне. Некаторыя жартавалі, іншыя абураліся: ну, дадумалася жыўнасць перавозіць.
“Пад шумок” разгаварылася з вяскоўцамі, запыталася, ці задаволены яны работай рэйсавага аўтобуса. “А як жа! Рэйсы заўсёды своечасова, без збояў нават і зімой, – расказала жыхарка в. Полцева Р. К. Крысцініна. – Вадзіцель – добрай душы чалавек. Заўсёды зробіць прыпынак для пенсіянераў, дзе папросяць. І за гэта вялікі дзякуй”.
Пасля Дубраўскіх Віктара Леанідавіча чакаў яшчэ адзін рэйс на Слабаду, а затым апошні – на Сураўні. Людзі ў асноўным ехалі да Сіроціна і Мішневіч. Хаця ранішнія рэйсы на Казьяншчыну нават у кастрычніку карыстаюцца попытам сярод аматараў-ягаднікаў: і ў марозікі ез-дзяць у балота за журавінамі.
У гэты дзень Віктар Леанідавіч перавёз больш за сотню пасажыраў, накруціў больш за дзвесце кіламетраў. У шэсць гадзін вечара вадзіцель накіраваўся дадому.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №82 ад 24.10.2014 г.