Белорусское общество инвалидов: неформальная работа – залог авторитета и успеха

Актуалии Общество

Каб людзі адчувалі сябе патрэбнымі
Работу раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў (БелТІ) нельга не заўважыць. Шматлікія мерапрыемствы, што праводзяцца ў пярвічных арганізацыях, ахопліваюць практычна ўсіх членаў таварыства, прыцягваюць увагу грамадскасці. У аўторак 14 снежня сваё мерапрыемства праводзіла пярвічная арганізацыя БелТІ Дабейскага сельсавета. У сталовай у Дабеі сабраліся амаль ўсе члены пярвічкі, нават з аддаленых вёсак. Завіталі ў Дабею і шаноўныя госці са сталіцы і абласнога цэнтра: старшыня Беларускага таварыства інвалідаў У. П. Патапенка, начальнік сацыяльнага аддзела таварыства Г. І. Цыганкова, старшыня абласной арганізацыі БелТІ М. Я. Каралюн. Гасцей шчыра віталі старшыня раённай арганізацыі Л. М. Нагібава, кіраўнік пярвічнай арганізацыі Р. А. Гусараў, усе прысутныя.
Уладзімір Пятровіч Патапенка ў пачатку сустрэчы адзначыў, што ён упершыню прысутнічае на мерапрыемстве, якое праводзіць пярвічная арганізацыя. Ён адзначыў важнасць такіх сустрэч, таму што яны дазваляюць лю-дзям з абмежаванымі магчымасцямі сустрэцца, паразмаўляць, адчуць падтрымку з боку грамадства. Кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі пачаў сустрэчу з узнагарод: з нагоды Сусветнага дня інвалідаў Ганаровай граматай БелТІ была ўзнагароджана Л. М. Нагібава, падзячныя пісьмы атрымалі актывісты раённай арганізацыі таварыства.
Выступаючыя адзначалі важнасць работы арганізацыі, якая аказвае практычную дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі, шчыра дзякавалі кіраўніцтву раённай арганізацыі таварыства, гаспадаркі, сельвыканкама. Людзі адзначалі шчырасць і паважлівыя адносіны, дзякавалі за ўвагу і дапамогу інвалідам і ветэранам працы.
Тэму прадоўжыла Ніна Міхайлаўна Юхнавец, намеснік па ідэалагічнай рабоце ААТ «Прыазёрны свет», якая адзначыла, што амаль усе прысутныя – былыя работнікі гаспадаркі, якія добрасумленна працавалі ў свой час. І сённяшняе кіраўніцтва гаспадаркі лічыць сваім абавязкам дапамагаць ветэранам.
Аб нераўнадушным стаўленні да лю-дзей з абмежаванымі магчымасцямі і дзяржаўнай падтрымцы інвалідаў гаварыла старшыня Дабейскага сельвыканкама Ірына Іванаўна Шалахава.
Святочны, радасны настрой стваралі самадзейныя артысты з мясцовага клуба, вучні Дабейскай пачатковай школы, работнікі аддзела культуры. Да праграмы хутка падключыліся і самі члены таварыства, якія чыталі вершы, спявалі песні. А потым прыйшоў і Дзед Мароз са Снягуркай, якія павіншавалі ўсіх з надыходзячым Новым годам, пажадалі здароўя, уручылі салодкія падарункі. Свята атрымалася, яно запомніцца цёплай атмасферай, шчырасцю, павагай.
Як адзначыў старшыня пярвічнай арганізацыі Р. А. Гусараў, усё атрымалася дзякуючы падтрымцы з боку гаспадаркі, якая аказала фінансавую дапамогу, арганізавала стол і транспарт, каб даставіць людзей нават з самых аддаленых вёсак; увазе сельвыканкама, шчырай працы работнікаў культуры, ініцыятыўнасці Л. М. Нагібавай.
Пасля мерапрыемства старшыню БелТІ У. П. Патапенку, кіраўніка абласной арганізацыі таварыства М. Я. Каралюна прыняў старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук. У. П. Патапенка падзякаваў кіраўніку раёна за ўвагу да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, уручыў яму Ганаровую грамату таварыства.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *