Украли цветы и посадили возле своего дома

Общество Происшествия

“Спыніцеся, маладыя людзі!”
Судовае пасяджэнне, на якім разглядалася справа аб крадзяжы кустоў кветак, адбылося толькі на трэці раз. На першае судовае пасяджэнне дваццацігадовая падсудная А. не з’явілася.  На другое  не з’явіўся трыццацігадовы падсудны Н.
Суддзя Алена Сініцкая за непавагу да суда прыцягнула падсудных да адказнасці – арышту на 15 сутак.
Перш чым расказаць чытачам пра  суд, хочацца напачатку трохі спыніцца на саміх падсудных. Дзяўчына на працягу двух  апошніх  гадоў  стала злоўжываць  алкаголем. Паспела нарадзіць дзіця і  пазбавіцца бацькоўскіх правоў. Уладкавалася на работу ў адну з гаспадарак раёна,  дзе  запомнілася хіба  што  пастаяннымі прагуламі. На дзяўчыну складзены шматлікія пратаколы за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах.
Не вызначаўся добрымі паводзінамі і Н. За крадзяжы яму ў 2005 і 2009 гадах суд прысуджаў  абмежаванне волі.
Лёс звёў гэтых двух маладых людзей, і яны разам трапілі на лаву падсудных. Вечарам хлопец заехаў на работу да сваёй дзяўчыны. Яны накіраваліся ў суседнюю вёску, дзе прыкмецілі прыгожыя кветкі. Выкапалі ў дачнікаў дзесяць кустоў папараці, два кусты півоняў і куст хосты. Пасадзілі кветкі каля сваіх дамоў.
На судовым пасяджэнні маладыя людзі поўнасцю прызналі сваю віну. І, на іх шчасце,  пацярпелыя даравалі ім гэты ўчынак і былі не супраць спыніць крымінальную справу.
Улічваючы гэта,  суд прыцягнуў А. і Н. да адміністрацыйнай адказнасці і наклаў штрафы ў памеры 30 базавых велічынь на кожнага. І хай гэты штраф будзе апошняй старонкай у іх крымінальным жыцці. Нездарма падчас судовага пасяджэння не раз гучала фраза “Спыніцеся, маладыя людзі! У вас усё жыццё наперадзе…”
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *