Гуманнае і бяспечнае грамадства будуем разам
У нашым раёне дзейнічае 21 грамадская арганізацыя. Адна з самых прадстаўнічых – раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, справаздачна-выбарная канферэнцыя якой прайшла ў аўторак 14 снежня ў зале пасяджэнняў райвыканкама.
У ходзе мерапрыемства была заслухана справаздача аб рабоце за мінулую пяцігодку, абраны актыў і дэлегаты на абласную канферэнцыю. На мерапрыемства былі запрошаны намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў, спецыяліст абласной арганізацыі Д. А. Рачкоўскі і іншыя адказныя асобы.
Варта адзначыць, што на ўліку ў арганізацыі 4280 чалавек (аб’яднаных у 100 пярвічак), людзей, якія добраахвотна ахвяруюць грошы на дабрачыннасць. За справаздачны перыяд нашым раёнам атрымана гуманітарнай дапамогі больш чым на 18 мільёнаў рублёў. Сацыяльна неабароненыя 973 чалавекі атрымалі вопратку, канцылярскія тавары і многае іншае. Дзмітрый Рачкоўскі высока ацаніў работу арганізацыі і падтрымаў кандыдатуру Валянціны Мікалаеўны Чыжыкавай на новы тэрмін старшынства. Такі ж выбар зрабілі і дэлегаты канферэнцыі.
У нашым раёне, адзначыў старшыня прэзідыума арганізацыі Канстанцін Фёдаравіч Баканаў, склалася стройная сістэма распаўсюджання ведаў аб міжнародным гуманітарным праве сярод моладзі. Спецыяльны курс па гэтай тэме чытаецца ў некаторых школах. Конкурсы, акцыі, сустрэчы – арганізацыя выкарыстоўвае самыя разнастайныя метады работы для таго, каб выхаваць у моладзі неабходнасць прымаць удзел у будаўніцтве гуманнага грамадства. Усе гаварылі пра высокія перспектывы валанцёрскай работы.
Старшыня арганізацыі В. М. Чыжыкава выказала спадзяванне на ўзаемаразуменне з калектывамі тых арганізацый, дзе пярвічкі Чырвонага Крыжа яшчэ не створаны. А самыя актыўныя атрымалі ў гэты дзень граматы і лісты падзякі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.