Парад колясок – новый обольский бренд

Актуалии Общество Семья

Парад калясак – новы обальскі брэнд
Незадоўга да Дня маці, 12 кастрычніка, у Обалі ладзіўся “Парад калясак-2014”. Такое мерапрыемства праводзілася ўпершыню, але, хутчэй за ўсё, стане добрай традыцыяй, бо малых у Обалі з кожным годам нараджаецца ўсё больш.
Шэсце пачалося ад дзіцячага сада. Самымі першымі прыйшлі работнікі культуры з плакатамі і ў касцюмах персанажаў з мультфільмаў. Затым пачалося нешта казачнае: прыехала каляска “Лясная казка” (сям’я Ерамёнкаў), “Двое з куфру” (сям’я Карнісяевіч са сваімі двайняшкамі), “Цыганская рапсодыя” (сям’я Васкоўскіх), “Аты-баты, ішлі салдаты” (сям’я Рымшаў) і іншыя. Усяго было 12 сем’яў-удзельніц.
Прыйшлі іх сябры, родныя, знаёмыя маладых бацькоў, абальчане, каб падтрымаць і паўдзельнічаць у свяце. Пад музыку, прытанцоўваючы, шэсце рухалася да Дома культуры, дзе ўсіх чакала канцэртная праграма, конкурсы і прызы. Тут маладыя сем’і прэзентавалі свае каляскі, спаборнічалі ў конкурсах. Журы на чале са старшынёй Обальскага сельвыканкама Мікалаем Будневічам у выніку не змагло вылучыць пераможцу. Перамаглі ўсе, і каштоўныя падарункі таксама дасталіся ўсім удзельнікам. А спонсарамі свята выступілі ААТ “Обальскі керамічны завод”, ВУ “Полацкгаз”, ПГУП “Карына-гандаль”. Асабістую ўдзячнасць арганізатары дасылаюць Аляксандру Штокіну і Аляксандру Дземецеру.
Дырэктар Обальскага ДК Валянціна Сіценка паабяцала, што такая традыцыя абавязкова стане обальскім брэндам. Толькі на наступны год парад калясак наладзяць летам, у Дзень абароны дзяцей.
… А я проста ішла на свята, вельмі ж цікавай была назва, ды і для Обалі – незвычайна. І, вядома ж, узяла з сабой фотаапарат. І не пашкадавала.
Таццяна ЖУРАЎСКАЯ.
Надрукавана ў №80 ад 17.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *