Украў на капейку – заплаціў рубель
Часам людзі, здзяйсняючы правапарушэнне, зусім не задумваюцца пра наступствы, пра тое, што прыйдзецца заплаціць з сямейнага бюджэту зусім не маленькія сумы. Разам з памочнікам пракурора раёна Артурам Гасанавым мы зрабілі падборку адміністрацыйных правапарушэнняў. Думаецца, што прыведзеныя факты прымусяць некаторых задумацца.
Несуны
Відаць, ёсць людзі, у якіх што-небудзь вынесці з работы – у крыві. Для іх няважна, што штраф атрымліваецца ў разы большым за тую суму, на якую спрабавалі вынесці.
Так, работнік “Вітконпрадукта” пасля змены прыхапіў з сабою кілаграм курынага мяса коштам у 36 тысяч рублёў. Несуна затрымалі ахоўнікі. У выніку, штраф – 2 млн. 250 тыс. рублёў. Такі ж штраф атрымаў і яшчэ адзін работнік “Вітконпрадукта”, які спрабаваў вынесці кілаграм курынага філе коштам у 51 тыс. рублёў.
А для работніка філіяла ААТ “Малако” 325 грам сыру “Сметанкавага” абышліся ў 1 млн. 300 тысяч рублёў. Хаця ў магазіне такі кавалак сыру каштаваў бы каля 23 тысяч рублёў.
Механізатар з “Сіроцінскага” зліў 40 літраў дызельнага паліва (335 тысяч рублёў). За гэты крадзеж атрымаў штраф 1 млн. 650 тыс. рублёў.
З крамы
А вось некаторыя не любяць разлічвацца за тавар, узяты ў магазіне.
Грамадзянін М. “забыўся” заплаціць за бутэльку гарэлкі ва ўніверсаме “Цэнтральны”. Цяпер яму трэба заплаціць 1,5 млн. рублёў штрафу. А ў жыхара райцэнтра А. апетыт значна большы: спрабаваў вынесці з гэтага ж магазіна тры бутэлькі гарэлкі і дзве ўпакоўкі крабавых палачак. Прадукцыя абышлася яму ў 1 млн. 650 тыс. рублёў.
У магазіне “Міні-маркет” пакупніку дзве бляшанкі рыбных кансерваў коштам крыху больш за 50 тыс. рублёў абышліся ў 1 млн. 650 тыс. рублёў штрафу.
Дай
паскандаліць!
Дзе можна ўстроіць скандал? Аказваецца, усюды: у магазіне, бальніцы, нарэшце, … у міліцыі.
Абальчанін М. усю ноч піў. Дапіўся да таго, што атрымаў траўму. Яго завезлі ў шумілінскую бальніцу. Замест удзячнасці ўрачам М. паказаў свой нораў. Спачатку пасварыўся з медыкамі, пачаў бегаць з пагрозамі за ўрачом. І, як кажуць, дабегаўся: атрымаў штраф у 390 тысяч рублёў.
Для жыхара райцэнтра К. скандал у прыёмным пакоі ЦРБ абышоўся ў 450 тыс. рублёў. Мужчына распіваў спіртное ў гарадскім парку, затым зваліўся з альтанкі. Хуткая дапамога забрала яго ў бальніцу, а там траўміраваны выпівоха пачаў качаць свае правы.
Грамадзянін Г. да ўрача-нарколага прыйшоў нецвярозым, але спрабаваў пераканаць медыка, што не піў. Ды рабіў гэта так, што прыйшлося звяртацца за дапамогай у міліцыю. Як вынік – штраф 1,5 млн. рублёў.
Грамадзянку К. выклікалі ў міліцыю па факце крадзяжоў веласіпедаў. Праўда, паразмаўляць з ёй супрацоўнікам РАУС не ўдалося, жанчына адразу пачала скандаліць і зневажаць усіх. Вось і прыйшлося ёй выпісаць штраф у памеры 450 тысяч рублёў.
Першы раз – не апошні
Нават вялікі штраф не становіцца для некоторых добрым урокам.
Грамадзянін Я. працуе на “Вітконпрадукце”. Ахоўнікі прадпрыемства затрымалі яго, калі ён спрабаваў вынесці 5 кг курынага філе. За свой учынак мужчына атрымаў штраф 1,5 млн. рублёў. Праз некаторы час Я. зноў апынуўся ў міліцыі. На гэты раз ён выклікаў яе сам, маўляў, сужыцелька забрала ягоны аўтамабіль. Раніцай, калі мужчыну адпусціў алкагольны дурман, ён заявіў, што пажартаваў. Гэты жарт каштаваў яму 1,5 млн. рублёў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2014 г.