Проблемы подсобных хозяйств обсуждали в президиуме Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Общество Президент

У другі раз вяскоўца не ашукаеш
На чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое вяла старшыня раённага Савета  І. М. Новікава,  вынесены пытанні, жыццёва важныя для вяскоўцаў, што трымаюць падсобную гаспадарку.
А праблем жыццё “падкінула” нямала. Па-ранейшаму баліць  за свінагадоўлю ў прыватным сектары (пра грамадскі не кажам, там на службе навука, ветслужба). У свой час давялося збыць  свінапагалоўе, а зараз цяжка завесці маладняк – недакупіцца, ды і засталіся пэўныя “рагаткі”. На 1 кастрычніка ў вяскоўцаў у хлявах стаяла 320 галоў свіней, у той час, як на пачатак года яно дасягала дзвюх тысяч. Таму калі гаворку весці пра валавую вытворчасць на прыватным падворку, то свініна рэзка пацягнула паказчык уніз. Выратавала  раслінаводства. Збожжа і бульба, на выручку прыйшлі яблыкі (сёлета небывалы ўраджай у садах) і ягады. Словам, калі ўсё падсумоўваць, то цалкам “вал” з падворкаў цягне на 100,4% да ўзроўню мінулага года.
Але лічба, на думку І. М. Новікавай, якая ахарактарызавала сітуацыю ў цэлым па раёне, не можа задаволіць. У раёне працуе Праграма па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак вяскоўцаў, закліканая істотна змяніць адносіны сельгаспрадпрыемстваў, гандлю, іншых структур да вяскоўца і наадварот.
Гаворка пра продаж інвентару, фуражу, угнаенняў і ўсяго, без чаго селянін не можа. Адсюль вострая патрэба ў асенніх кірмашах, у тым разуменні, з якім павінны ставіцца да праблемы ў нашым райпо (з продажам сельгасінвентару на вёсцы завал). Тут да месца павесці гаворку пра закуп яблыкаў у насельніцтва. Яблык было, паўторымся, як  ніколі. Людзі хацелі здаць, каб мець у сямейным бюджэце хоць якую капейку. Ды і балела, бо псуецца ўраджай. З закупкамі пачаўся хаос, праўда, райспажыўтаварыства ў пару павярнулася тварам да здатчыка, наладзіла закупку, хаця і па больш сціплай цане.
Такая вось, калі хочаце, прэамбула да даклада, з якім выступіў перад прэзідыумам старшыня Мікалаёўскага сельскага Савета У. А. Сядлоўскі. Гэты рэгіён абраны невыпадкова: тут даўно і паспяхова вядуць падсобную гаспадарку, тут больш трывала, так сказаць, прывязаны да зямлі.  Уладзімір Аляксеевіч расказаў аб поспехах, не прамінуў спыніцца на праблемах. Адна з іх – закуп малака. За 9 месяцаў года заданне выканана ўсяго на 52,6%, у разліку на карову закуп зменшыўся ажно на 491 кг.  Вузкім месцам застаецца   закуп цялят і своечасовыя разлікі за жывы тавар. На 1 кастрычніка г. г. на тэрыторыі сельсавета закуплена 35 галоў маладняку – усяго трэць ад пагалоўя. Дадало лыжкі дзёгцю, вобразна кажучы, прамаруджанне з аплатай за здадзены маладняк. У сельсавеце такіх пяцёра здатчыкаў, у цэлым жа па раёне 25 чалавек чакаюць разлікаў з ААТ “Лаўжанскае”. І сума не такая фантастычная – недзе 64 мільёны рублёў. Прычына затрымак празаічная – няма  грошай, не выдзелілі на гэтыя мэты крэдыты. Маглі б тут заключаць са здатчыкамі трайную дамову, з прыцягненнем райпо, але для гэтага трэба, каб на комплексе ААТ “Лаўжанскае” была кандыцыйная жывёла для разлікаў з райпо. “У другі раз людзей не ашукаеш”, – зазначае І. М. Новікава. Але ж трэба шукаць выйсце, неўзабаве пойдуць масавыя ацёлы, а комплекс трэба нечым запаўняць.
У. А. Сядлоўскі распавёў пра нізкую механізацыю пры апрацоўцы надзелаў вяскоўцаў. Аднак людзі нязменна чапляюцца за зямлю, вырошчваюць і бульбу, і збожжавыя, ад зямлі рэдка хто адмаўляецца. Як і ад кароў. У сельсавеце чацвёра гаспадароў, на падворку якіх шэсць і больш кароў, а ў В. А. Лінкевіча з Мікалаёва – ажно 20, цэлая малочная ферма.  У яго многія працэсы механізаваны. Спыніўся дакладчык і на праблемах ветэрынарнага абслугоўвання пагалоўя, якое трымаюць вясковыя жыхары. У КУСГП “Ульскі” наогул няма ні ветурача, ні ветфельчара. Да каго звяртацца людзям, калі якая бяда? Гаруюць людзі, многія звяртаюцца ў зарэчнае мястэчка Ула. Але ж для здатчыкаў малака прадугледжаны ветэрынарныя льготы і паслабленні. Чаму павінны не мець іх здатчыкі малака з мікалаёўскай зоны?
*        *        *
Тэме ветэрынарнага абслугоўвання на вёсцы  было прысвечана другое пытанне парадку дня пасяджэння. Дакладваў галоўны ветурач раёна І. У. Галуза. Іван Уладзіміравіч паскардзіўся на хранічны недахоп кадраў. Спыніўся на прычынах, якія прывялі да такога становішча. Галоўныя прычыны – няма жылля для ветработнікаў і нізкая зарплата. З 26 ветурачоў, патрэбных па штату, у сельгаспрадпрыемствах працуюць усяго 10, у КУСГП “Ульскі” і “Сіроцінскі” іх наогул няма. Таму і даводзіцца асноўную нагрузку па прафілактыцы і лячэнні хворай жывёлы  выконваць спецыялістам райвестанцыі.
Між тым існуе фантастычная запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў перад вестанцыяй – амаль мільярд рублёў. Доўг цягнецца два гады, а прасоўвання па аплаце за ветэрынарныя паслугі няма. Ні па бягучых плацяжах, ні ранейшых. Можа, усё ж трэба было кіраўніцтву райвестанцыі прывучыць да аплаты хаця б адну гаспадарку, каб факт гэты стаў урокам для іншых. Ліберальны падыход, як бачым,  не можа вытрымаць ніякай крытыкі. Меўшы такія  незапатрабаваныя грошы, ветстанцыя ўсё ж змагла набыць мотаблок з тым, каб можна было самім вырошчваць гародніну для  трусоў,  пацукоў, якія патрэбны для доследаў.
Гаворка вялася і па аднаўленню ў насельніцтва пагалоўя свіней. Трымаць іх можна, хаця трэба строга прытрымлівацца  патрэбных умоў утрымання. Нельга трымаць свінаматак. У вёскі, дзе нельга трымаць свіней, трэба наладзіць завоз свініны ў крамы. А на сам свінакомплекс у Добрыне да 1 студзеня 2015 года будзе пастаўлены маладняк, прывезены з Гарадоцкага раёна.
Мікалай ЯНЧЫН
Надрукавана ў №78 ад 10.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *