Пра што марыць шумілінскі ксёндз?
Шуміліна, калі едзем з Віцебска, пачынаецца касцёлам. Велічны, беласценны, урачысты – ён быццам вітае жыхароў, гасцей горада і ўсіх, хто проста едзе міма. Быццам запрашае ў госці, прапануе спыніцца на ўскрайку сасновага бору тым, хто спяшаецца і стаміўся ў дарозе, і тым, хто так жа імчыць па жыцці. Дзверы сабора адчынены для ўсіх, зазначае пры сустрэчы пробашч санктуарыя Маці Божай Фацімскай айцец Анджэй Юхневіч.
“Прыход патроху развіваецца, – расказвае ксёндз, – людзей, што маюць ахвоту наведваць касцёл, пакрысе становіцца больш”. І гэта не толькі шумілінскія каталікі. Спачыць пад заступніцтвам Маці Божай Фацімскай прыязджаюць людзі з усіх куткоў Беларусі. Тут нават арганізаваныя спецыяльныя пакоі, дзе госці могуць з камфортам пераначаваць, пабыць у адзіноце, падумаць, разабрацца ў сабе, памаліцца. Такі, калі можна так выказацца, рэлігійны турызм. Шырока распаўсюджаны ў свеце, гэты вопыт новы для Віцебскай вобласці ды і наогул для Беларусі, але ж, заўважае святар, у нас шмат вольнага месца, і чаму б не выкарыстоўваць яго менавіта так. І часцей за ўсё на выхадныя сюды едуць маладыя людзі. Цікава, што інфармацыя пра такую магчымасць распаўсюджваецца сама, айцец Анджэй не прыкладае да гэтага ніякіх намаганняў. Але калі нехта пабываў у гэтым напоўненым божай ласкай месцы, паблукаў сярод соснаў, пасядзеў вечарам ля кастра за душэўнай размовай, ён абавязкова сюды вернецца і сябру параіць з’ездзіць.
Да таго ж, кожнае 13 чысло ад мая да кастрычніка ў касцёле ладзіцца вялікае свята ў гонар Маці Божай Фацімскай, на якое акрамя мясцовых каталікоў прыязджаюць і прыходзяць пешшу да 200 пілігрымаў. У такія дні ў касцёле асабліва шматлюдна. Гэта вельмі радуе айца Анджэя, дае яму жаданне і сілы працаваць над удасканаленнем, далейшым аздабленнем і ўпрыгожаннем касцёла.
У нашага святара шмат мар. Да прыкладу, ён марыць пра мармуровы алтар для галоўнай залы касцёла, пра дзіцячую пляцоўку на тэрыторыі. “Цераз агароджу жывуць дзеткі, яны кожны дзень прыходзяць, ладзяць гульні на тэрыторыі, бегаюць. Думаю, што менавіта ў гэта варта інвеставаць сілы, грошы і здароўе”, – дзеліцца планамі айцец Анджэй. А пра свае планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ён, здаецца, можа расказваць бясконца. Пра парк, пра дарожкі з лавачкамі ў сасновым боры, пра дызайн ландшафту. І ўсе мары абавязкова спраўдзяцца, гэта ж іх галоўная ўласцівасць – спраўджвацца.
І прыхаджане, наколькі могуць, дапамагаюць рэалізаваць задуманае. “Наогул, людзі тут зычлівыя, шчырыя”, – гаворыць ксёндз пра шумілінскіх вернікаў. Яны давяраюць святару, ідуць да яго за парадай. І не толькі людзі спаважнага веку. У касцёле заўжды шмат моладзі, падлеткаў. Айцец Анджэй з задавальненнем іграе ў футбол, бегае з хлопцамі навыперадкі, ходзіць у трэнажорную залу. А трэнажорка (так яе называюць хлопцы) знаходзіцца прама тут, у касцёле. Удалося набыць інвентар, прыстасаваць памяшканне, а наведвальнікі арганізаваліся самі сабой, нават чаргу ўстанавілі. Айцец Шыман (таксама служыць у касцёле) часта гутарыць з моладдзю на набожныя тэмы і не толькі. Яны наладжваюць пасядзелкі з гітарай, глядзяць фільмы, стараюцца правесці час цікава і з карысцю для душы і цела. Гэта вельмі важна для душы, якая расце і развіваецца.
Аднойчы абраўшы для сябе за маяк такія вартыя чалавечыя якасці, як спагада, дабрыня, чалавечнасць, вернікі нясуць іх па жыцці. Яны робяць усё, што ім пад сілу, каб абяздоленыя і хворыя не адчувалі сябе пакінутымі, каб свята было ў кожнага, хто гэтага хоча, каб людзі менш заглядвалі ў бутэльку. Многія ведаюць пра Ордэн сёстраў міласэрнасці. Жанчыны-верніцы разам з сёстрамі касцёла дапамагаць бедным, хворым і пакінутым. Да прыкладу, у Шуміліне пад сваю апеку яны ўзялі 13 хворых, нямоглых чалавек, іх наведваюць рэгулярна. У раёне такіх – 45.
Менавіта пры касцёле арганізавана таварыства ананімных алкаголікаў, хоць самі людзі, што ходзяць у храм, не маюць патрэбы ў такога кшталту дапамозе. Але гэта важна для грамадства ў цэлым. Сёння ў касцёл прыйшлі дзеткі, яны падрастуць, прыйдуць сюды вянчацца, потым – хрысціць сваё дзіця… Ім ужо не трэба будзе тлумачыць пра тое, што такое любоў і міласэрнасць, даводзіць, да чаго можа прывесці п’янства, гультайства і іншыя не самыя прывабныя чалавечыя звычкі. Яны ўжо будуць умець жыць прыгожа і светла, з Богам у сэрцы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №78 ад 10.10.2014 г.
Няужо усё так добра,чытаю аж вачам неверыцца!» У касцёле заўжды шмат моладзі, падлеткаў.»Цiкава было б папрысутнiчаць на занятках па катэхэзе,наурад цi падцвердзiлiсь гэтыя словы.
Шмат-няшмат – катэгорыя адносная.
🙂 Сонца ўзыходзіць над задаволенымі з жыцця і над незадаволенымі! Усё залежыць ад кропкі гледжэння. Я сам мяркую катэгорыямі св. Яўгена дэ Мазено, геніяльнага Заснавальніка маёй манаскай сям’і: «зрабіць, каб людзі паводзілі сябе як істоты разумныя, потым – як хрысціяне і, нарэшце, дапамагчы ім стаць святымі.» І не думаю паступаць інакш. Можна пасаўдзейнічаць і адкрыцца, а не чапляцца. Бо монжа паддацца спакусе, што сам нічога не раблю і іншым перашкаджаю. Але дзякуй за каментарый!
Радуйцеся жыццю, і яно адкажа вам узаемнасцю.