Шумилино, микрорайон СШ №2: жильё и люди

Край шумілінскі Общество

Рэаліі, з якімі трэба лічыцца
У нашых продкаў прага мець сваю зямлю, сваё жыллё была вялікай. Успомнім, як распрацоўвалі яны дзялянкі для таго, каб пракарміць сям’ю. Уручную выкарчоўвалі пні, асядалі на расцяробах, коньмі, а то і на сабе цягалі лес, рубілі хаты, самі пракладвалі дарогі з тым, каб звязаць сядзібу са светам.
Ёсць у многіх жаданне будаваць і сёння. Магчыма, яно не такое   моцнае, тым не менш кожны разумее, што свой вугал — гэта  і камфорт, і даброты. Наваселле  для многіх — ледзь не пік жыццёвых мар.
Пра тое, ці хутка набудзе рэпутацыю прэстыжнага жылога масіва не толькі для кааператыўнага будаўніцтва, а і для “індывідуалаў” мікрараён СШ № 2, і павядзём гаворку. Тут ў адной звязцы  і ўрачэбная амбулаторыя, і дарогі, і план забудовы  так званага катэджнага раёна, які будзе цягнуцца ў бок вёскі Ільінцы, і, вядома ж, шматпавярховае жыллё.
Пра шматпавярхоўкі ў ахопе СШ № 2 раённая газета пісала не раз. Нагадаем: па задумах тут “асядуць” 5 такіх гмахаў недзе на 216 кватэр. Хочацца верыць, што паламалі ў раёне стэрэатыптую схему: на “Брыкеце” — не прэстыжна. Хаця пераканаць можна толькі з прыходам даброт і зручнасцей.
Вось прыйшоў сюды каналізацыйны калектар. Цяпер кожны, хто жыве ў мікрараёне, можа падключыцца да яго. Зручна? Несумненна. Але ж застаецца не менш “казырная” карта скептыкаў: сядзіць мікрараён на балоце. Для тых, хто жыве ў шматкватэрным доме ці прэтэндуе на такую кватэру, гэта не павінна хваляваць: будаўнікі ўзводзяць строга па праекце.
Іншая справа — індывідуальныя забудоўшчыкі. На стале ў спецыялістаў КУП “Шумілінскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” ляжыць план кварталу  забудовы па вуліцы Дабееўская і прылягаючых да яе, інакш кажучы, на зямельным масіве ў бок вёскі Ільінцы. Цяпер тут пустка, балоты, парослыя хмызняком і драбналессем. Па плану мяркуецца пасадзіць на гэтай зямлі 105 катэджаў. Хто  возьмецца асесці сярод кустоў, дзе ні дарог, ні іншых аб’ектаў інфраструктуры? У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва гавораць: прадугледжаны сродкі на гэтыя мэты. Хаця ўсё ж больш лагічна было б прывабіць забудоўшчыка хаця б пракладзенай дарогай ці водаправодам, а затым разлічваць на разуменне і прыток “новых сіл”.
Начальнік аддзела па землеўпарадкаванні і геадэзічнай службе райвыканкама З. Ф. Алюліна прызналася: ёсць невялікі рэзерв зямельных участкаў па больш зручных зонах Шуміліна.
— Узялі дазвол у нас на індывідуальнае будаўніцтва больш за 30 гаспадароў, — гаворыць начальнік ад-дзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. — Такога наплыву даўно не было. Маюць намер будавацца і ў Шуміліне, Обалі, і на вёсцы…
Праект катэджнага масіву экзаменуецца на жыццёвасць. А пакуль даюць дазвол будаваць дамы па вуліцы Дабееўскай. Там і водаправод, і электралінія, недалёка, у вёсцы Баёўка — газавая труба, якая абрываецца недзе за 300 метраў ад апошняга дома па вуліцы Дабееўскай. Але тут дарогі няма. У міжсезонне гразь непралазная, ды людзі ўсё адно ходзяць. Зімой жа зямлю скуе марозам, летам падсушыць. Водзяць бацькі ў школу тут дзяцей, ідуць і самі на работу. Вось калі б хто ўвязаўся будаваць паўз гэтай мяркуемай дарогі свой асабняк, магчыма, і скранулася б справа, заказалі б у КУП “Шумілінскае УКБ” на яе праектную дакументацыю. А дарога патрэбна, як паветра. І не толькі таму, што злучае вёску з мястэчкам.
Ёсць і іншая нагода завесці пра гэта гаворку: жыхароў вёскі Баёўка (а вёска на вачах багацее на маладыя сем’і) замацавалі ў плане аховы здароўя за Светласельскай урачэбнай амбулаторыяй. Няхай не бянтэжыць чытача слова “Светласельская” — лячэбная ўстанова месціцца па вуліцы Дабееўскай.
Размаўляем з загадчыцай амбулаторыі, урачом-тэрапеўтам В. В. Хрокалавай і медсястрой Н. А. Даўгілавай. Зона абслугоўвання лячэбнай установы, улічваючы і зоны Дабейскага і Ляжнёўскага ФАПаў, дасягае амаль 1700 чалавек. Ёсць свая машына, праўда, яна выклікаецца загадчыцай у выпадках, калі паступіла заяўка, скажам, з Прыазёрнага. А так В. В. Хрокалава ходзіць пяшком. “Набягае” кіламетраў 10, а на пачатку чацвёртай гадзіны вечара бяжыць на станцыю: жыве ў Віцебску, кватэру на месцы знімаць не хоча. Прымае за дзень да 20 хворых, калі трэба — робіць падворны абход. Вялікі запіс да стаматолага, прыходзіць сюды лабарантка, робяць тут працэдуры, ёсць два ложкі для дзённага стацыянара.
Будынак вялікі, на 612 квадратных метраў, і калі заходзіш, уражвае нязвыклая для лячэбнай установы цішыня. Шмат пустуючых кабінетаў, і “гуляюць” яны не толькі летам, калі хварэць “няма часу”. Відаць, амбулаторыя ладзілася, як кажуць, навырост, на будучае, з тым, каб праз нейкі дзесятак гадоў кабінеты “ажылі” і “працавалі” на пацыента.
Будынак даводзілі да ладу ў 2006 годзе, віцебская фірма УРБПП “Будфорум” асвоіла на аб’екце, па словах галоўнага бухгалтара цэнтральнай раённай бальніцы Т. В. Шаматурынай, звыш 640 мільёнаў рублёў. Сёння бачыш трэшчыны на фасадзе, абсыпаўся, быццам пясчаны, ніз вугла ў кабінеце загадчыцы, не лепшая карціна з атынкоўкай па іншых кабінетах. У пару займацца ўжо рамонтам капітальна адрамантаванага чатыры гады назад.
Вось, здаецца, і ўсё. Чытач зразумеў: настрой артыкула не мінорны, з вялікай доляй аптымізму. З улікам рэалій сённяшняга жыцця.
Мікалай Мароз.
Надрукавана ў №97 ад 14.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *