За дзень – 60 тысяч… І вядро бульбы ў дадатак
Сялянка-фермерская гаспадарка “Раднік” на працягу верасня-кастрычніка кожны дзень прадстаўляе работу для беспрацоўных. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама штодзень накіроўваюць на пераборку бульбы каля трыццаці чалавек. Больш таго, падзарабіць грошай едуць і жадаючыя пенсіянеры.
Калі два бульбаўборачныя камбайны, што працуюць на палетках, спраўляюцца са сваёй работай, то на пераборцы не хапае працоўных рук. Праўда, добра-такі выручае бульбасарціравальны пункт (БСП), што ўстанавілі ў арачніку ў Галях. Мы прыехалі сюды ў самым разгары рабочага дня. З абодвух бакоў стужкі сарціравальнай машыны стаялі жанчыны – адкідвалі гнілую і рэзаную бульбу, каменне.
Работа арганізавана ў дзве змены. “Працуем да двух-трох гадзін ночы, – расказаў начальнік БСП Аляксанд Лапавухаў. – За дзень перабіраем да 60 тон бульбы. Сарціравальная машына нам вельмі дапамагае, але для яе абслугоўвання патрэбна каля дзесяці чалавек”.
На другім баку вялікага арачніка завіхаліся з вёдрамі людзі. Яны перабіралі тыя бурты, з якімі не паспелі справіцца на сарціравальным пункце. Большасць памочнікаў (усяго чалавек 60) былі прыезджыя. Яны расказалі, што жывуць у Шуміліне, Уле, Кардоне, Мікалаеве, Крывым Сяле, Лескавічах, іншых вёсках. Людзі прыехалі не толькі зарабіць грошай, але і назапасіць сабе на зіму бульбы. Зарплата за дзень – 60 тысяч і вядро бульбы – многіх задавальняла. “Калі ёсць магчымасць і здароўе, то чаму б не дапамагчы?” – даводзілі знаёмыя пенсіянеры. Працуюць і мясцовыя – тыя, хто з году ў год дапамагаюць сялянска-фермерскай гаспадарцы. Кіраўніцтва гаспадаркі вельмі ўдзячна за добрую работу жыхарам в. Мішкавічы Е. І. Прыгун, Л. Я. Аглушэвіч, Л. М. Прыгун.
Дарэчы, і з некаторых арганізацый раёна прыязджаюць у “Раднік” з той мэтай, каб зарабіць бульбы. “Так, у нас працавалі работнікі з раённай бальніцы, з Обальскай і Башнеўскай школ, з раённай гімназіі”, – расказала галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун. – А ўвогуле людзі ездзяць да нас актыўна, кожны дзень на пераборцы працуе па 50-70 чалавек”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.