На сесии районного Совета депутатов в Шумилино обсуждали пенсии, продолжительность жизни и пожарную безопасность

Актуалии Закон Официально

На сесіі раённага Савета дэпутатаў
Пра пенсіі, працягласць жыцця і пажарную бяспеку
(Заканчэнне. )
Аб ходзе выканання рашэння раённага Савета дэпутатаў ад 26 верасня 2011 года №87 “Аб медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Шумілінскага раёна і мерах па яго паляпшэнні” справаздачу перад дэпутатамі трымаў галоўны урач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў. Медыцынская галіна забірае з раённага бюджэту  да 18% усіх выдаткаў. За справаздачны перыяд паказчыкі работы раённай медыцыны палепшыліся: агульная смяротнасць знізілася з 22,3% (у 2011 г.) да 20,6% (у 2013), а за 8 месяцаў бягучага года складае 18,6%. Стабілізуецца нараджальнасць: у 2011 годзе нарадзілася 247 дзяцей, у 2013 – 246, за 8 месяцаў 2014 – 138 дзетак. Натуральныя страты насельніцтва знізіліся з мінус 8,02% да мінус 7,68% (за 8 месяцаў б. г. мінус 5,21%).
Канстанцін Фёдаравіч адзначыў, што паступова ўдаецца вырашаць кадравыя пытанні. Палепшылася якасць медыцынскіх аглядаў працуючых у небяспечных і шкодных умовах працы. Высокія паказчыкі мае ахоп насельніцтва рэнтгенаграфічным абследаваннем. Паказчыкі дзейнасці ўстаноў аховы здароўя адпавядаюць сярэднеабласным, а некаторыя і пераўзыходзяць іх. За кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў, спонсарскай дапамогі вядзецца рамонт сельскіх ФАПаў, цэнтральнай бальніцы, што дазваляе істотна паляпшаць умовы лячэння  пацыентаў і працы  медыцынскага персаналу. На жаль, на заклік да прадпрымальнікаў раёна аб дапамозе ў рамонце тэрапеўтычнага аддзялення адгукнуліся толькі каля 50 індывідуальных прадпрымальнікаў і невялікіх прадпрыемстваў. Ніводнага рубля не пералічылі буйныя прыватныя прадпрыемствы раёна, хаця паслугамі лячэбнай ўстановы карыстаюцца і іх работнікі.
Галоўны ўрач раёна адзначыў шэраг праблемных пытанняў. Так, на ўліку ў нарколага стаіць 705 чалавек, у тым ліку 240 – жанчын. За 8 месяцаў 2014 года на ўлік пастаўлены 44, зняты з уліку 39 чалавек. У мінулым годзе “хуткая дапамога” 684 разы выязджала для выратавання п’яных.  Ёсць пытанні па некаторых хваробах: сухотах, ВІЧ-інфекцыі, якую вязуць з Расіі асобы, што там працуюць. Насцярожвае высокі ўзровень захворваемасці ў шэрагу прадпрыемстваў раёна: у райспажыўтаварыстве, ПМК-70, ва ўстановах адукацыі. На нізкім ўзроўні знаходзіцца фарміраванне здаровага ладу жыцця. Гэта тыя накірункі, у якіх трэба працаваць медыкам раёна, адзначыў К. Ф. Баканаў.
У прынятым рашэнні адзначана важнасць удасканалення медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, вызначаны накірункі, па якіх трэба працаваць медыцынскім установам, дзяржаўным органам па паляпшэнні работы медыцынскай галіны раёна, вызначаны адказныя асобы за гэтую работу.
Начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч далажыў дэпутатам аб ходзе выканання рашэння райсавета №169 ад 25 чэрвеня 2013 года “Аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне, па папярэджанні гібелі і траўматызму людзей пры ўзнікненні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый”. У раёне склалася пэўная сістэма работы па папярэджанні пажараў.   На 1 верасня 2014 года ў раёне адбылося 15 пажараў (у 2013 годзе – 21), у агні загінуў 1 чалавек (у 2013 годзе – 1). Прамы ўрон ад пажараў склаўбольш за 150 мільёнаў рублёў. Палова ўсіх пажараў адбылася на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета – 7 пажараў (у 2013 годзе – 2).
Мае месца з боку кіраўнікоў неналежны кантроль за супрацьпажарным станам ведамаснага жылога фонду, вытворчых памяшканняў шэрагу прадпрыемстваў. Патрабуе ўдасканалення работа па забеспячэнні бяспечнага пражывання ў прыватным жылым сектары. Большай паслядоўнасці і сістэмнасці патрабуе работа пажарна-тэхнічных камісій і пажарных дружын прадпрыемстваў і арганізацый.
На сесіі былі ўнесены змяненні ў папярэднія рашэнні раённага Савета дэпутатаў, якія тычыліся раённага бюджэту і некаторых іншых пытанняў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *