Семья из Шумилино воспитывает четверых детей

Общество Семья

Бацькі шчаслівых дзяцей
Надзея і Дзмітрый Кураленкі выхоўваюць чацвярых дзетак. Самаму малодшаму, Пашы, сёння два годзікі, а старэйшай, Свеце, – сем. Ёсць яшчэ Насця і Ксюша. Напэўна, варта пачаць з таго, што абодва бацькі, і Дзіма, і Надзя, таксама выйшлі са шматдзетных сем’яў, а значыць, напужаць іх нейкімі цяжкасцямі, звязанымі з колькасцю дзяцей, ужо не атрымаецца. Яны дакладна ведаюць, што дзеці – гэта шчасце, а шмат дзяцей, адпаведна, – шмат шчасця. Не, яны не заяўляюць пра гэта гучна і з трыбуны, але дастаткова паназіраць за дзеткамі, пабыць у іх доме, каб зразумець, што ў гэтай сям’і жывуць дзеля дзяцей.
Пазнаёміліся маладыя людзі цікава. Дзіма (а ён родам з Аршанскага раёна) праходзіў тэрміновую службу разам з братамі Надзеі, якія і прыгледзелі добрага хлопца для сваёй сястры. Прыехаў у госці, пазнаёміліся, а далей – каханне, дзеці і ўжо больш за сем год шчаслівага сямейнага жыцця. А пачыналася яно ў інтэрнаце, там паспелі нарадзіцца Света і Насця. Вядома, трэба было паляпшаць умовы жыцця, але пытанне з кватэрай нават і не разглядалася: толькі дом. Быццам ведалі, што на двух дзецях яны не спыняцца.
Ім удалося купіць невялікі домік, і з той пары ўвесь вольны час главы сямейства прысвечаны будаўніцтву. Спачатку трэба было дом давесці да той кандыцыі, каб туды магла ўехаць сям’я. “Ён працаваў, бывала, і да трох ночы, і ў выхадныя, і ў святы, – расказвае Надзя, – так хацеў хутчэй справіцца”. Цяпер яны жывуць у доме, але работы па рамонце не спыняюцца: планаў і ідэй вельмі многа. Яны ўсё паспеюць, з усім справяцца, гэтая маладая пара і без таго ідзе па жыцці сямімільнымі крокамі. Згадзіцеся, не ў кожнага мужчыны да 28 год ёсць любімая жонка, чацвёра дзетак, дом, пабудаваны ўласнымі рукамі, і безліч самых аптымістычных планаў. Надзя ганарыцца сваім мужам, яго дабрынёй, спагадлівасцю, працавітасцю. Ён заўжды раздзяляе ўсе клопаты па доглядзе за дзеткамі, ніколі не заяўляў, што гэта – выключна жаночы абавязак. Ён разумее, што жанчына адна ніколі не справіцца. Да прыкладу, паходы ў паліклініку – гэта заўжды толькі яго клопат. Дарэчы, у маладога шматдзетнага таты па панядзелках – бацькоўскі дзень. Расказвае, што даведаўся пра такую льготу з раённай газеты, за што вельмі ўдзячны.
Ім усё цікава рабіць разам: у агарод, у магазін за новымі сукенкамі для дзяўчынак, у лес, на прагулку. Гэтыя маладыя людзі заўжды ў суправаджэнні дзіцячай світы, вам ніколі не ўдасца ўбачыць іх у Шуміліне без дзетак. І ўсе іх малыя “праходзяць” праз яслі-сад №1, хутка і Пашка туды пойдзе. Таму Дзіма лічыць сваім абавязкам дапамагаць саду ва ўсім. А так як мужчына працуе станочнікам у ПМК-70, то пабудаваць домік для дзяцей ці нешта падрамантаваць, падбіць – для яго не праблема, было б жаданне. Ён наогул марыць, каб жонка пасля дэкрэтнага не вярталася ў райпо кандытарам, а ішла памочнікам выхавальніка ў дзіцячы сад: “Яна ў мяне так любіць дзетак, гэта работа была б як раз для яе”.
Вядома, было б наіўна гаварыць, што выхоўваць чацвярых дзяцей лёгка. Маці прыходзіцца ўставаць а шостай гадзіне, шмат часу ідзе на гатаванне, уборку, іншыя гаспадарчыя клопаты. Але ніхто ў гэтай сям’і не паскардзіўся на цяжкае жыццё. Усе гэтыя клопаты яны ўспрымаюць, як нешта натуральнае, звычайнае. Хочацца пажадаць ім далейшага ладу, няхай жыццё ўзнагароджвае іх за любоў, адданасць дзецям і працавітасць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



1 комментарий по теме “Семья из Шумилино воспитывает четверых детей

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *