Волонтёры из Нидерландов помогают социальным учреждениям Шумилинского района

Актуалии Общество

Дапамажы людзям. Дапамажы сабе
Яны як быццам з іншай планеты гэтыя галандцы з маленькага горада Зюйдвольдзе. Гэта ж трэба з году ў год траціць свой уласны водпуск на тое, каб везці сваю дапамогу дзіцячаму дому, прытулку ці бальніцы ў далёкую Беларусь. Шчыра прызнаемся, што мы, беларусы, добрыя і памяркоўныя, не заўсёды гатовы самі сабе дапамагчы.
Гэтае сяброўства доўжыцца ўжо не першае дзесяцігоддзе. Сяброўства далёка не бескарыслівае, бо кожны іх прыезд у наш раён адзначаецца новымі адрамантаванымі аб’ектамі. Харчаблок і санвузлы ў раённай гімназіі, дзіцячае аддзяленне ў раённай бальніцы, харчаблок у Обальскай школе, рамонт у прытулку, зараз вось аддзяленне кругласутачнага прабывання для грама-дзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Мішневічах.
Яны тут другі год. Спачатку рамантавалі харчаблок, а сёлета ўзводзяць пральню. Фундамент пральні  быў зроблены да прыезду памочнікаў тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, а яны спрытна ўзяліся за ўзвядзення сцен, даху.
Іх дзевяць чалавек, яны аб’яднаныя дабрачыннай арганізацыяй “Дапамажы людзям”, кожны з іх асвоіў па некалькі будаўнічых спецыяльнасцей, таму працуюць спора, зладжана, прыгожа. На гэтым тыдні пральня разам з прывезенымі імі пральнымі машынамі і іншым абсталяваннем будзе перададзена пад ключ.
Дырэктар ТЦСАН В. Р. Штуро адзначыла, што пральня дапаможа не толькі зэканоміць грошы (32 мільёны заплацілі ЦРБ за 8 месяцаў бягучага года за мыццё бялізны плюс бензін), але і не збіраць бялізну ў мяшкі, а мыць і прасаваць кожны дзень на месцы.
Калі перавесці гэтую дапамогу на фінансавыя рэйкі, то мішневіцкі праект абышоўся галандцам у 13 тысяч еўра. Гэта нямала, але яшчэ больш каштуюць шчырасць сяброўства і бескарыслівасць дапамогі. Таму ад усёй душы кажам мы дзякуй нашым выпрабаваным часам сябрам.  Дзякуй і да новых сустрэч!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №73 ад 22.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *