ЗДАРЭННІ. КРЫМІНАЛ
Каністры
Пацярпеў жыхар Віцебска: ягоны дачны дом у Сіроціне абрабавалі. Злодзеі разбілі аконную шыбу і ўкралі рулон металічнай сеткі рабіцы, тры дваццацілітровыя каністры, набор аўтамабільных ключоў і сядзенне ад легкавога аўтамабіля.
Агульны ўрон склаў больш за мільён рублёў. Па гарачых слядах злачынцы былі знойдзены. Імі аказаліся двое мясцовых жыхароў. Узбуджана крымінальная справа.
На месцы злачынства
У міліцыю патэлефанавалі з КУСГП “Ульскі” і паведамілі, што на непрацуючай ферме ў Грудзінаве крадуць водапаілкі. Калі міліцыянеры прыехалі на ферму, то ўбачылі, што незнаёмы мужчына пры дапамозе газазваркі разрэзаў вадзяныя трубы на 11 фрагментаў (іх агульная маса склала больш за тысячу кілаграмаў) і загрузіў іх у кузаў аўтамабіля. Высветлілася, што мужчына прыехаў красці ажно з Сянно. Узбуджана крымінальная справа.
Веласіпед
З падвала шматпавярховага дома ў Мікіцісе прапаў веласіпед, кошт якога ацэнены ў 2 мільёны рублёў. Па гарачых слядах злачынца знойдзены. На чужы веласіпед паквапіўся жыхар Кардона, на рахунку якога не адзін крадзеж. І не толькі ў нашым раёне. Мужчыну арыштавалі супрацоўнікі Бешанковіцкага раённага аддзела Следчага камітэта.
Аліменты
Згодна з рашэннем суда жыхар Шуміліна павінен быў выплачваць аліменты на дзіця ў карысць былой жонкі ў памеры 25% з усіх відаў заробку. Але мужчына не спяшаўся гэта рабіць. За пяць месяцаў вырасла запазычанасць. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
174 парушэнні
Падведзены вынікі спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Увага, дзеці!” Усяго з 25 жніўня па 5 верасня супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі выявілі 174 парушэнні, у тым ліку 8 з іх – сярод пешаходаў. Двое вадзіцеляў ехалі за рулём нецвярозыя, за што пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады. Пяцёра вадзіцеляў селі за руль без вадзіцельскіх правоў, столькі ж вадзіцеляў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што ў час спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Увага, дзеці!” ехалі без уключанага бліжняга святла фар.
Без тэхагляду
За апошнія некалькі тыдняў не адзін раз быў затрыманы жыхар Шуміліна, які на аўтамабілі “Аўдзі” раз’язджаў па вуліцах без тэхагляду. Калі падлічыць сумы выплачаных штрафаў, становіцца зразумелым, што тэхагляд абышоўся б намнога дзешавей.
На чырвонае святло
Відаць, жыхар райцэнтра вельмі спяшаўся, што пераязджаў чыгуначны пераезд на чырвонае святло. Акрамя гэтага, на машыну не быў пройдзены дзяржтэхагляд. Парушальніку пагражае штраф памерам у пяць базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 69 ад 09.09.2014 г.