Настоящий храм искусства открыт в Шумилино

Актуалии Культура Общество

Сапраўдны храм мастацтваў
Гэтай падзеі ў Шуміліне чакалі даўно. Будучыя музыкі, мастакі, танцоры займаліся ў прыстасаваных будынках і памяшканнях па ўсім райцэнтры. Неабходнасць стварэння для дзяцей прыстойных умоў была відавочная. Раённыя ўлады шукалі розныя варыянты і нарэшце ў 2006 годзе пры падтрымцы старшыні абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясава, які ў той час быў дэпутатам аблсавета ад Шумілінскага раёна, пачалася рэканструкцыя былога будынка вучэбна-курсавога камбіната пад дзіцячую школу мастацтваў.
Цяпер стары будынак не пазнаць: свежапафарбаваныя сцены, на франтоне выява ліры як сімвала мастацтваў, якія знайшлі тут свой дом. Вакол прыгожая тэрыторыя з газонамі, пляцоўкай і дарожкамі. Зроблена прыстойная агароджа, новы тратуар, відэаназіранне – гэтыя дробязі так важны для бяспекі дзяцей, якія будуць тут вучыцца.
На ўрачыстае адкрыццё 1 верасня прыбылі важныя госці, без падтрымкі якіх гэтая падзея магла не адбыцца: старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, намеснік старшыні аблвыканкама У. У. Цярэнцьеў, старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Б. В. Качаноўскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Л. К. Аленская. Дзясяткі шумілінцаў – дзяцей і бацькоў – прыйшлі на адкрыццё школы.
Пад музыку вальса перад будынкам школы пачалося свята. Кіраўнік раёна У. П. Куранны ў сваім выступленні адзначыў важнасць падзеі не толькі для жыхароў райцэнтра, а і для ўсяго раёна, для раённай культуры ў цэлым. А. Я. Ацясаў расказаў, як будаўніцтва школы стала яго дэпутацкім наказам ад жыхароў Шуміліншчыны і справай гонару давесці рэканструкцыю да канца. Цяпер у Шуміліне з’явіўся аб’ект еўрапейскага ўзроўню, ў якім можна сустракаць і праводзіць мерапрыемствы абласнога маштабу, заўважыў Аляксандр Ягоравіч.
Асноўныя работы па рэканструкцыі будынка вяло прыватнае прадпрыемства “Шумілінагандальбуд”, нямала папрацавалі ў школе будаўнікі з “Шумілінскай ПМК-70”. Таму сімвалічны ключ ад новага будынка дырэктару школы мастацтваў Г. Г. Мацвяйчук уручаў дырэктар “Шумілінскай ПМК-70” А. Ю. Крыўко.
Пад дроб, якую адбівалі прыгожыя барабаншчыцы, шаноўныя госці пераразаюць чырвоную стужку. Услед за дырэктарам школы, якая нібы адчыніла дзверы сімвалічным ключом, прысутныя ўвайшлі ў школу.
Высокая столь, светлыя, утульныя пакоі і класы чакаюць вучняў. Прасторныя пакоі для заняткаў выяўленчым мастацтвам, харэаграфіяй. У будынку створаны ўсе ўмовы для педагогаў і вучняў. Новы будынак дае магчымасць весці падрыхтоўку ў дзіцячай школе мастацтваў да 400 вучняў.
Актавая зала школы змяшчае 150 гледачоў і выглядае як сапраўдная канцэртная зала: мяккія крэслы, прасторная сцэна. Для ўрачыстай падзеі вучні і педагогі школы падрыхтавалі святочны канцэрт.
Застаецца толькі пажадаць выкладчыкам школы і іх выхаванцам новых поспехаў і новых творчых дасягненняў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 68 ад 05.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *