«Толькі ў водпуск вырвацца цяжка…”
Калі мы гаворым пра газавую гаспадарку, наша ўяўленне малюе моцнага мужчыну ў спяцоўцы, які вядзе мантаж газапроваду, імчыць на аварыйнай машыне, падстаўляе плячо пад газавы балон. А на раённай Дошцы гонару газавікоў прадстаўляе жанчына – Алена Валянцінаўна Савельева. Яна кладаўшчык філіяла “Шумілінскае РВУ газавай гаспадаркі” ВРУП “Віцебскаблгаз”.
“Алена Валянцінаўна ў большай ступені газавік, чым іншы мужчына” – такую кароткую і адначасова вычарпальную характарыстыку ёй дае дырэктар філіяла С. А. Дзмітрыенка.
Высокая ацэнка работы заслужана многімі гадамі сумленнай работы. Гэта на першы погляд яе работа непрыкметная, але без яе ніяк не можа існаваць прадпрыемства. Сёння ў складскіх памяшканнях, дзе А. В. Савельева адчувае сябе сапраўднай гаспадыняй, не толькі газавае абсталяванне, балоны, але яшчэ і аб’ёмістыя будаўнічыя матэрыялы, такія як гіпсакардон, шыфер, ДСП, ДВП, дзверы. Іх прадае “Метан”, а складзіраваць там няма дзе.
У кладаўшчыка ўсюды парадак, усё ўлічана, унесена ў камп’ютарную базу. Прафесіяналізму чалавеку, які 27 год вядзе гэтую справу, не займаць. Алена Валянцінаўна прызналася, што асаблівых складанасцяў для яе ў рабоце няма, хіба толькі ў водпуск вырвацца цяжка…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 68 ад 05.09.2014 г.