О мужчинах, которые потерялись в жизни

Закон Общество

Пра мужчын, якія разгубіліся ў жыцці
Магчыма, гэта жаночы погляд на сітуацыю, тым не менш мне ўвесь час здавалася, што мужчынам на свеце жывецца прасцей. Ну, развяліся, напрыклад, муж і жонка, ён пайшоў з сям’і, з кватэры. Цяжка? Так. Але паглядзіце: яму толькі 38, ён не інвалід, мае прафесію электрыка.  Пры такіх зыходных усё можна пачаць з нуля: і дом пабудаваць, і сям’ю мець, і задавальненне ад жыцця. Толькі б жаданне…
Але ў нашым выпадку з жаданнем, па ўсім відаць, праблема. Мы бачым мужчыну праз дваццаць адзін год пасля разводу на пасяджэнні грамадскага пункта па ахове правапарадку. Яму 59, ён не мае жылля, туліцца ў нейкім хлеўчуку, нідзе не працуе і не імкнецца. І да гэтага часу, усе дваццаць з гакам гадоў, жыве крыўдай на ўвесь белы свет: “Куды я толькі не звяртаўся, нідзе мне жыллё не даюць”. Чаму б не пайсці працаваць на сяло, там дзясяткі пустуючых кватэр, раіць намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які вядзе пасяджэнне. Але ў адказ чуем катэгарычны пратэст: на сяло ён не паедзе, штамп аб рэгістрацыі па месцы прапіскі ставіць не жадае, штраф плаціць не збіраецца…
Штраф у 1 мільён 650 тысяч ён атрымаў за тое, што ўкраў у “Міні-маркеце” масла і шпроты. А чым плаціць, калі не працуе? У яго ўсе спадзяванні на пенсію, і ён не чуе, што пенсію не налічаць, пакуль не прывядзе дакументы ў парадак, што штраф трэба заплаціць зараз…
Ці вось яшчэ адзін прадстаўнік класа непрацуючых. У гэтага таксама няма сям’і, дзякуй богу, мамка жывая, каля яе і туліцца. Яму да пенсіі крыху болей, а якая яна будзе тая пенсія, калі апошні запіс у ягонай працоўнай кніжцы пазначаны 1994 годам. Ды хто ж возьме на працу, калі за плячыма 12 год зоны і тры ЛПП, парыруе мужчына на пытанні камісіі. Гэтыя факты сваёй біяграфіі ён як бы павесіў на шчыт, якім адгароджваецца ад афіцыйнай працы. Тым не менш у гэты ж дзень упраўленне па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама прапанавала яму ажно некалькі вакансій на прадпрыемствах Шуміліна. Праўда, не ў якасці начальніка, а падсобным рабочым, але ж пры такой біяграфіі разлічваць на нешта іншае было б наіўна.
Вядома, з гэтых двух прыкладаў нельга рабіць абагульненне, што ўсе адзінокія мужчыны так губляюцца ў жыцці. Тым не менш і гэтыя факты вымушаюць думаць, што некаторым мужчынам трэба было б павучыцца ў жанчын (у тым ліку і адзінокіх) уменню не проста выжываць, ставіць дзяцей на ногі, але яшчэ і самім быць паспяховымі і шчаслівымі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 67 ад 02.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *