Працаваць на максімум магчымасцяў вучня
27 жніўня прайшла традыцыйная штогадовая канферэнцыя, на якой педагогі Шуміліншчыны падвялі вынікі мінулага навучальнага года, акрэслілі задачы на перспектыву. У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Л. М. Сцяпанаў, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
З дакладам “Аб асноўных выніках работы сістэмы адукацыі раёна ў 2013/2014 навучальным годзе і задачах на наступны навучальны год” выступіў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў.
У мінулым годзе ў раёне працавалі 37 навучальных устаноў: адна гімназія, 6 сярэдніх школ, 3 вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад-сярэдняя школа”, адна базавая школа і 3 комплексы “дзіцячы сад-базавая школа”, адна пачатковая і 3 комплексы “дзіцячы сад-пачатковая школа”, 16 дзіцячых дашкольных устаноў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр дзяцей і моладзі. У школах навучаліся 1924 вучні, дашкольныя ўстановы наведвалі 877 выхаванцаў. Працавала дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
Планамі рэструктурызацыі прадугледжана закрыццё з верасня бягучага года Суравенскай пачатковай школы, Полькавіцкага і Лявонаўскага дзіцячых садоў. Для падвозу дзяцей у школы і дзіцячыя сады ў раёне ёсць 7 аўтобусаў, сёлета будзе закуплены яшчэ адзін. Ахоп дзяцей падвозам складае 100%.
Распрацавана Праграма развіцця сістэмы адукацыі раёна на 2011-2015 гады.
Першай ступенню адукацыі і выхавання з’яўляецца дашкольная адукацыя, якая ахоплівае 877 дзяцей (працэнт ахопу складае 77,4%). Выхаваннем дзяцей у садах займаюцца 139 педагогаў. У мінулым годзе на рамонт дашкольных устаноў выдаткавана больш за 77 мільёнаў рублёў, набыта мэбля на суму больш за 50 мільёнаў.
У агульнай сярэдняй адукацыі А. У. Мазанкоў адзначыў рост якасці ведаў вучняў. Сёлета 118 выпускнікоў 11 класаў атрымалі атэстаты, у тым ліку 2 – асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. 50 выпускнікоў акрамя атэстатаў атрымалі пасведчанні аб прысваенні адпаведнай рабочай кваліфікацыі (“вадзіцель колавых трактароў”, “швачка”). Працэнт паступлення выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы склаў 44,9%.
Выпускнікам 9 класаў выдадзена 189 пасведчанняў, у тым ліку 5 – з адзнакай.
У раёне склалася сістэма работы з адоранымі вучнямі: праводзяцца прадметныя алімпіяды (сёлета ўдзел бралі больш за тысячу вучняў), творчыя конкурсы, спартакіяда школьнікаў, вядзецца навукова-даследчая работа вучняў (у навуковай канферэнцыі бралі ўдзел 65 вучняў). На абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды атрыманы 2 дыпломы 2-й ступені.
Праз метадычную службу раёна вядзецца развіццё творчасці і прафесійнага майстэрства настаўнікаў. Сёлета ў другім (раённым) этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ўдзельнічалі 25 чалавек. (Заканчэнне на 4-й стар.)
Вызначаны пераможцы ў 7 намінацыях, 6 з якіх удзельнічалі ў абласным этапе.
На канферэнцыі была адзначана эксперыментальная, інавацыйная, даследчая дзейнасць устаноў адукацыі раёна: раённай гімназіі-інтэрната, Мікіціхінскай СШ, Амбросавіцкай д/с-СШ, Обальскай СШ, Шумілінскай СШ №2. Адзначана работа Мішневіцкай СШ па праекце Чырвонага Крыжа “Мы – разам”.
Дакладчык падрабязна прааналізаваў выхаваўчую работу ва ўстановах адукацыі, якая накіравана на фарміраванне асобы, станаўленне грамадзянскай пазіцыі вучня. У гэтай справе актыўную ролю іграюць грамадскія арганізацыі – Беларуская піянерская арганізацыя і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Захаванне здароўя дзяцей, прывіццё навыкаў здаровага ладу жыцця – таксама важная задача педагогаў раёна. Таму немалая ўвага заняткам спортам, фізічнай культурай. Для гэтага ў школах раёна маецца спартыўная база: 12 спартзалаў, 10 стадыёнаў, 16 спартыўных пляцовак. У Мікіціхінскай і Обальскай школах створаны алімпійскія клубы. Ёсць спартыўныя поспехі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Дарэчы, спартыўная база школ выкарыстоўваецца і для заняткаў спортам дарослых жыхароў раёна, тым самым папаўняюцца школьныя пазабюджэтныя рахункі.
Асаблівае месца ў развіцці спорту займае Шумілінская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якая мае тры аддзяленні: валейбол, грэка-рымская барацьба, лёгкая атлетыка. У 2013/2014 навучальным годзе ў ДЮСШ займаліся 270 вучняў. На набыццё спартыўнага інвентару ў мінулым годзе выдаткавана 63,3 мільёна рублёў, сёлета асвоена 6,8 мільёна. У райцэнтры вядзецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплекса (з 2012 года асвоена 4,8 мільярда рублёў).
У рамках рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядбайных сем’ях” вядзецца работа па выяўленні праблемных сем’яў, абароне правоў дзяцей. 149 дзяцей з 79 сямей знаходзяцца на ўліку, як у сацыяльна небяспечным стане. Вядзецца работа па размяшчэнні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у прыёмныя (29 сямей, 45 дзяцей) і апякунскія (44 сям’і, 48 дзяцей) сем’і. Працуе дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе знаходзіцца 7 дзетак.
А. У. Мазанкоў даў падрабязны аналіз работы з кадрамі. У раёне працавала ў мінулым годзе 358 педагогаў. Колькасць педагогаў з вышэйшай катэгорыяй складае 21,8%. Сёлета да работы ў школах раёна прыступяць 10 маладых спецыялістаў. Адзначаны дэфіцыт настаўнікаў нямецкай мовы, выхавальнікаў, дэфектолагаў, музычных кіраўнікоў.
У дакладзе былі названы дзясяткі прозвішчаў лепшых педагогаў раёна: выхавальнікаў, прадметнікаў, класных кіраўнікоў, педагогаў, якія пастаянна дэманструюць высокі ўзровень работы.
Сярод праблемных пытанняў былі адзначаны неабходнасць умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, рамонту некаторых школ і садоў, абнаўлення камп’ютарнай базы. Пастаўлены задачы па далейшым удасканаленні вучэбна-выхаваўчага працэсу, павышэнні якасці адукацыі, выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій ў адукацыйным працэсе і іншыя.
Дырэктар Обальскай СШ І. А. Чарнічэнка ў сваім выступленні гаварыла пра работу, якая вядзецца ў школе. У якасці прыярытэтных яна назвала задачу развіцця канцэпцыі адаптыўнай школы. Таксама школа ў лідарах па ўкараненні інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій – тут створана лакальная камп’ютарная сетка, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, віртуальны метадычны кабінет. А рашаць многія праблемы дапамагаюць пазабюджэтныя даходы – у мінулым годзе школа зарабіла 78 мільёнаў ад школьнага ўчастка і гаспадаркі, адукацыйных паслуг, здачы металалому і іншых крыніц. Дырэктар школы выказала шчырую падзяку шэфам з Обальскага керамічнага завода, участка “Полацкгаз”, ААТ “Лаўжанскае”, КУСГП “Ульскі”, лясніцтва, Обальскага сельсавета.
Дырэктар раённай гімназіі-інтэрната Л. У. Маладзечкіна расказала пра патэнцыял педагагічнага калектыву гімназіі, які творча падыходзіць да раскрыцця магчымасцяў вучняў і паказвае высокія вынікі. Сёлета ўсе выпускнікі гімназіі паступілі на бюджэтную форму навучання, а 94% — у ВНУ. Яна дзякавала шэфам з “Шумі-лінскага райаграсэрвісу”, “АграБаравінкі”, “Радніка”, КУП БАН, бацькам і ўсім, хто дапамагае гімназіі.
Загадчыца Шумілінскага ясляў-сада №3 Н. М. Пашкевіч зрабіла акцэнт на рабоце, якая вядзецца ў дашкольнай установе па падрыхтоўцы дзіцяці да школы, расказала пра абнаўленне матэрыяльнай базы, рамонт, які прайшоў у садку. Установа плануе стварыць свой сайт, праз які можна будзе даводзіць да бацькоў патрэбную інфармацыю, праводзіць завочныя кансультацыі.
Дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі А. А. Шашкова гаварыла пра работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (АПФР), пра стварэнне для іх у жыцці роўных умоў і магчымасцяў.
Метадыст Цэнтра дзяцей і моладзі В. М. Карась расказала пра работу цэнтра, які ахоплівае дадатковай адукацыяй у аб’яднаннях па інтарэсах па 8 профілях 46% вучняў раёна. Цэнтр вядзе і абучэнне дзяцей з АПФР. У мінулым навучальным годзе ў рамках міжнароднага праекта створаны адукацыйны цэнтр для дарослых, які паказаў вялікую цікавасць да адукацыі з боку сталага пакалення шумілінцаў. Праект дазволіў умацаваць матэрыяльную базу цэнтра на 25 мільёнаў рублёў. За кошт платных паслуг цэнтр зарабіў 28 мільёнаў.
Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Г. У. Зязюлька павіншавала педагогаў раёна з пачаткам навучальнага года, пажадала ім поспехаў у высакароднай справе работы з дзецьмі.
На канферэнцыі выступіў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Л. М. Сцяпанаў. “Вы ведаеце свае задачы і праблемы, умееце працаваць і рашаць іх, – адзначыў Леанід Міхайлавіч. – Дзяржава са свайго боку робіць усё, каб вырашыць праблему заробкаў педагогаў. З верасня істотна павялічваюцца даплаты за катэгорыю. Не павінна быць крыўды на неабходнасць пацвярджаць катэгорыю, бо жыццё не стаіць на месцы і патрабаванні да настаўніка таксама мяняюцца. Творчы настаўнік заўжды пацвердзіць свой узровень работай, яе вынікамі. Патэнцыял росту зарплаты ёсць. Можна закрыць маленькія школы і павялічыць зарплату, але кіраўніцтва вобласці і раёнаў не ідзе па такім шляху, разумеючы важнасць устаноў адукацыі ў сельскай мясцовасці.
Што тычыцца поспехаў, –заўважыў Л. М. Сцяпанаў, – скажу, што Шумілінскі раён займае не тое месца, якое можа займаць. На абласным этапе прадметнай алімпіяды было выдадзена 450 дыпломаў, з якіх толькі 2 паехалі ў Шуміліна. Ці возьмем цэнтралізаванае тэсціраванне. Аналіз вынікаў ЦТ паказаў, што раён заняў 17 месца (з 22). Толькі па геаграфіі ў раёна другое месца, па нямецкай мове – 8, па астатніх прадметах – 14-17-18-20-21. Хіба такія вынікі могуць задавальняць педагогаў Шуміліншчыны, хіба гэта ўзровень вашай работы? Вось патэнцыял для вашага росту. Галоўнае – якасць работы настаўніка, трэба ставіць у рабоце высокую планку. Зараз вы працуеце па мінімуму патрабаванняў, а трэба працаваць па максімуму магчымасцяў кожнага вучня – тады будзе вынік, будзе і поспех”.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, падкрэсліў, што 42% раённага бюджэту ідзе на адукацыю, з якіх каля 70% – зарплата. Зразумела, што раён з задавальненнем даў бы больш, але магчымасці бюджэту залежаць ад работы вытворчай сферы раёна, ад работы прамысловых і сельскагаспадарчых прад-прыемстваў, прадпрыемстваў гандлю, сферы паслуг, якія, на жаль, не выконваюць прагнозныя паказчыкі – а гэта недабор грошай, якія маглі б пайсці і на рамонт школ і садоў, бальніцы, на будаўніцтва ФАКа і іншае. А ўзровень работы прадпрыемстваў залежыць ад работы тых кіраўнікоў і спецыялістаў, рабочых, якіх вучаць настаўнікі. Уладзімір Пятровіч закрануў дэмаграфічную праблему, пытанне стварэння новых працоўных месцаў, замацавання маладых спецыялістаў у раёне.
Кіраўнік раёна павіншаваў педагогаў раёна з пачаткам новага навучальнага года і прадставіў новага начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькову.
На канферэнцыі былі прадстаўлены 10 маладых спецыялістаў, якія пачнуць свой працоўны шлях ва ўстановах адукацыі раёна. Са словамі наказу да іх звярнулася настаўніца Обальскай СШ Н. В. Штокіна. Ад імя маладых спецыялістаў слова трымала выпускніца ВДУ імя П. М. Машэрава М. А. Лазарава, настаўніца англійскай мовы Шумілінскай СШ №1.
Л. М. Сцяпанаў уручыў ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення адукацыі былому начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму П. У. Спірыдонаву, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Язвінскай д/с-БШ Н. А. Каротчанка, выхавальніку Светласельскага ясляў-сада А. В. Гарлачовай.
Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, якія ўручыў У. П. Куранны, узнагароджаны дырэктар Слабадской д/с-СШ А. М. Пузікава і загадчыца Башнеўскага дзіцячага сада А. Л. Саўчанка.
Дырэктару Мішневіцкай СШ В. С. Курчанавай Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў уручыла І. М. Новікава.
Граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму уручыла 27 лепшым педагогам раёна В. В. Мянькова.
Завяршылася работа канферэнцыі канцэртам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №66 ад 29.08.2014 г.