Рабочая нарада ў райвыканкаме

Актуалии Президент Экономика

Ад сяўбы рапсу да пашпартоў гатоўнасці
Штотыднёвая планёрка ў старшыні райвыканкама, якая праходзіць па панядзелках, заўжды ахоплівае шырокае кола праблем эканомікі раёна, забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, закранае як бягучыя, так і перспектыўныя пытанні. Вось і ўчора старшыня райвыканкама У. П. Куранны пачаў рабочую нараду, даўшы слова начальніку РАУС В. В. Мядзвецкаму, які ўзняў актуальнае пытанне крадзяжоў прыватнай і грамадскай маёмасці ў раёне. У прыватнасці, у нашым раёне з пачатку бягучага года скрадзена 18 веласіпедаў, з якіх падаўляючая большасць – 12 – па віне ўласнікаў двухколавых машын, якія пакідаюць іх без нагляду, не карыстаюцца веласіпеднымі замкамі.  Ёсць праблемы па захаванні маёмасці і на некаторых прадпрыемствах раёна, дзе пакідаюць без вартаўнікоў і аховы вытворчыя памяшканні, губляючы абсталяванне на мільёны і дзясяткі мільёнаў рублёў. Такую неахайнасць з боку грамадзян і адказных асоб хутка заўважаюць нядобрасумленныя асобы, пазбаўляючы іх ад “лішняй маёмасці”.
У цэнтры ўвагі кіраўніка раёна – эканамічнае развіццё Шуміліншчыны. «Трэба вывучыць дакладна і пачаць рэалізацыю пераходу на новыя, перспектыўныя галіны жывёлагадоўлі – развядзенне авечак, гусей. Раён мае магчымасць аператыўна заняцца гэтай справай і стаць лідарам», – такую задачу паставіў кіраўнік раёна перад спецыялістамі упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сельгаспрадпрыемстваў. Вострая крытыка з боку старшыні гучала і па пытанні нарыхтоўкі насення шматгадовых траў, асабліва канюшыны. Былі разгледжаны пытанні завяршэння ўборкі рапсу, сяўбы азімага рапсу, пастаноўкі жывёлы на стойлавае ўтрыманне і шэраг іншых пытанняў сельскагаспадарчай вытворчасці.
Старшыня райвыканкама заслухаў справаздачу па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду ацяпляльнага абсталявання, аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, па атрыманні пашпартоў гатоўнасці прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава нагадала пра неабходнасць завяршэння ўборкі зерневых на прысядзібных участках грамадзян – засталося 252 такія ўчасткі пераважна ў трох гаспадарках раёна: “Шумілінскім райаграсэрвісе”, “Лаўжанскім” і “Прыдзвінскім”.
На нарадзе былі разгледжаны пытанні навядзення парадку на тэрыторыі райцэнтра, падрыхтоўкі да абласных “Дажынак”, іншыя бягучыя пытанні жыцця раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *