Піквікскі сіндром
Піквікскі сіндром – паталагічны стан, які характарызуецца хранічнай прагрэсіруючай дыхальнай недастатковасцю (пры адсутнасці пярвічнай паталогіі ў лёгкіх). Назва сіндрому звязана з апісаннем яго прыкмет у аднаго з персанажаў рамана Ч. Дзікенса “Запіскі Піквікскага клуба”.
Піквікскі сіндром лічыцца мульціфактарным захворваннем, умовамі якога можа быць спадчыннасць, схільнасць да атлусцення, а таксама талерантнасць да такіх агрэсіўных фактараў, як цяжарнасць і роды, нервовае перанапружанне, траўмы, інфекцыйныя захворванні і інш.
Лішняя маса цела прыводзіць да павышэння ўнутрыбрушнога ціску, слабасці руху дыяфрагмы. Павышаная колькасць эрытрацытаў робіць кроў густой, вязкай. Сэрца вымушана працаваць мацней, а недахоп кіслароду ўплывае на жыццяздольнасці клетак, перш за ўсё, клетак мозгу.
Пры залішняй вазе ў ляжачым становішчы вялікі жывот моцна сціскае дыяфрагму, тая цісне на лёгкія, дыханне можа прыпыняцца. Клеткі мозгу, якія прывыклі жыць ва ўмовах кіслароднага галадання, даюць каманду на аднаўленне дыхання толькі тады, калі кіслароду становіцца зусім мала. Таму начны сон чалавека складаецца з эпізодаў кіслароднай недастатковасці, неўсвядомленага частага абуджэння, што прыводзіць да санлівасці днём.
Гэта бачныя прыкметы захворвання. Для медыкаў жа прыкметамі з’яўляюцца дзённая гіперкапнія – павышанае ўтрыманне вуглякіслага газу ў крыві, гіпексемія – зніжэнне кіслароду, павышаны артэрыяльны ціск, поліцытэмія – хранічнае захворванне крывятворнай сістэмы.
Лячэнне піквікскага сіндрому складанае, яно патрабуе нестандартных схем, індывідуальнага падыходу. Прызначаецца спецыяльная нізкакаларыйная дыета, абавязковыя антыкаагулянты, кіслародатэрапія, лячэнне сардэчнай недастатаковасці.
Прагноз без лячэння неспрыяльны. Высокі ўзровень смяротнасці пры піквікскім сіндроме абумоўлены спыненнем дыхання падчас сну, паталагічнымі змяненнямі сэрца і лёгкіх, смяротнасць дасягае 70%.
Падрыхтаваў І. КАЗЕЛЬКА, загадчык Сіроцінскага ФАПа.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.