АДУКАЦЫЙНЫЯ ЎСТАНОВЫ ШУМІЛІНСКАГА РАЁНА ТРЫМАЮЦЬ ЭКЗАМЕН НА ГАТОЎНАСЦЬ ДА НОВАГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА
27 жніўня педагогі раёна збяруцца на традыцыйную нараду, якая абагуліць вынікі 2013-2014 навучальнага года і паставіць задачы на новы вучэбны год. А пакуль навучальныя ўстановы уносяць апошнія штрыхі ў кантрольную падрыхтоўчую работу.
Кантрольную работу выканалі добра
Шумілінская раённая гімназія, установы адукацыі Мікіціхі і Обалі, якія на заключным этапе наведала раённая камісія, дадалі ўсяму прыёмнаму мерапрыемству аптымізму, парадавалі ростам.
Сёння раённай гімназіі ўжо не трэба даказваць сваю неабходнасць – павагу і аўтарытэт яна заслужыла сваёй работай. Асаблівага плёну дасягнула сёлета – 100% выпускнікоў паступіла на бюджэтнае навучанне (93% – у ВНУ), а гэта лепшы аргумент для бацькоў пры выбары навучальнай установы. І падчас работы камісіі ў гімназіі ішоў вучэбны працэс – для будучых гімназістаў арганізавалі бясплатныя заняткі. Па папярэдніх падліках, 1 верасня за парты сядзе 114 гімназістаў, з гонарам паведаміла дырэктар установы Л. У. Маладзечкіна. У 2005 годзе, калі гімназія пачынала сваю работу, пра такі вынік толькі марылі, а сёння ўжо ёсць рэальны конкурс сярод паступаючых.
Але статус гімназіі і тая акалічнасць, што многія дзеці знаходзяцца тут кругласутачна, патрабуе і асаблівых умоў, і больш высокіх патрабаванняў. Калектыў гімназіі нямала пастараўся ў гэтым плане. Разгарнулі вялікі рамонт, які працягваўся і падчас нашага візіту. У чэрвені і ліпені тут працаваў аздараўленчы лагер “Пунсовы ветразь”, таму падрыхтоўка вядзецца ў сціслыя тэрміны. Затое за кошт лагера атрымалі больш за 60 мільёнаў рублёў, плюс 20 мільёнаў за кошт платных паслуг, таму хапіла не толькі на рамонт, але і на халадзільнік, на два воданагравальнікі, мотакасу, іншы гаспадарчы рыхтунак. Камісія высока ацаніла работу, хаця не абышлося і без заўваг, найперш прадстаўнікоў РЦГЭ і энергаінспекцыі. Было і пажаданне не забываць на ўласны агарод, каб былі бульба і капуста на стале ў гімназістаў. Дарэчы, цяпліца з чырвонабокімі памідорамі тут узорная.
Выдатна выглядаюць сёння дзіцячы сад і сярэдняя школа ў Мікіцісе. Як зазначыў старшыня раённай камісіі А. М. Зайцаў, тут пануе гармонія. Вельмі плённа працуюць калектывы ўстаноў, ёсць узаемаразуменне з бацькамі, мясцовымі арганізацыямі. Дагледжаныя тэрыторыя, падрыхтаваныя кабінеты, а галоўнае – упэўненасць у заўтрашнім дні, бо Мікіціха не здае пазіцый, і як паведаміла дырэктар школы В. М. Асташонак, прагноз на бліжэйшыя пяць гадоў вельмі аптымістычны, колькасць школьнікаў павялічыцца да 150 – у паўтара раза. Прыемнае ўражанне пакінуў музей Мікіціхінскай СШ. Наогул, у школе шмат сваіх “фішак”. Напрыклад, табліца множання на школьнай лесвіцы – будуць бегаць дзеці па прыступках і заадно запамінаць непадатлівыя лічбы. Цудоўная ў школе майстэрня, трэнажорная і спартыўная залы. У апошняй, дзякуючы беражлівым адносінам, сёлета не спатрэбіўся рамонт. Ухвальнае слова варта сказаць і пра патрыятычнае выхаванне. Вось адзін прыклад: побач са школай закладзена алея славы, дзе сёлета ўстаноўлены памятны знак да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А спонсарам, між іншым, выступіў выпускнік школы Раман Асташонак.
Аптымізмам сустрэлі камісію ў Обалі. Гэты настрой зыходзіў найперш ад кіраўнікоў школы і дзіцячага сада – І. В. Чарнічэнкі і Н. М. Спірыдзенкі. Так, у дзіцячы сад укладзена каля 30 мільёнаў бюджэтных сродкаў, адрамантавана сістэма ацяплення, часткова заменены вокны, але і сам калектыў праяўляе ініцыятыву і стараннасць.
У Обальскай СШ заўсёды падкуплівае маштабнасць задум. Калі інфарматызацыя, дык гэта не проста камп’ютарны клас, і не толькі адзіная сетка, але тры рэсурсныя цэнтры з выхадам у інтэрнэт, з магчымасцю настаўнікаў карыстацца метадычнай базай і ў школе, і дома. У плане інавацый, як зазначыў намеснік старшыні раённай камісіі В. М. Саковіч, Обальская школа “наперадзе ўсёй планеты”. Тут і гаспадарчая дзейнасць поўным ходам: цяпліцы, агарод, трусы, авечкі – і як вынік больш за 60 заробленых мільёнаў. Таму школа змагла сабе дазволіць шэсць новых манітораў, дзевяць сістэмнікаў, іншыя “дробязі”, ну, і добры рамонт.
Камісія, вядома, наведала і дзіцячы прытулак, убачылі, што добрую дапамогу ўстанове аказала ПМК-70: пакладзена плітка на ўваходзе, адрамантаваны тамбур, столь на харчаблоку. За гэта будаўнікі заслужылі шчырую ўдзячнасць работнікаў прытулку.
Але не трэба думаць, што на рост нацэленыя толькі буйныя ўстановы, пра якія ішла гаворка вышэй. Не педагогаў віна, што ў вёсках пусцеюць хаты, што за партамі ўсё менш і менш вучняў. Яны са свайго боку робяць усе магчымае, каб навучыць, выхаваць, стварыць камфортныя ўмовы.
Стараецца не здаваць сваіх пазіцый і Кардонская школа, якая прыняла пад крыло і дзіцячы сад.
У Мікалаеўскім дзіцячым садзе пахваліліся, што колькасць дзяцей у іх вырасла ўтрая, не так даўно ў гэтым садзіку, як і ў Кардонскім, было пяцёра дзяцей, а сёння 14. І тое радасць.
Гарачым выдалася лета для Мішкаўскай школы, на сваіх плошчах яна стварала ўмовы для дашкольнікаў. У двухпавярховым будынку месца хопіць і вучням (іх усяго 37), і дзетсадаўцам. Але ж для малых трэба было абсталяваць спальні, гульнявыя пакоі, перавесці абсталяванне з былога будынка дзіцячага сада, паставіць на вуліцы крытую веранду… Усе гэтыя работы завершаны, засталося “падцягнуць” некаторыя моманты, указаныя камісіяй. А аддзел адукацыі па праграме развіцця агульнаадукацыйнай сярэдняй адукацыі купіў для Мішкаўскай школы камп’ютарны клас (5+1).
Наогул, як адзначылі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, сёлета школы значна лепш падрыхтаваны да навучальнага года. Вядома, бюджэтных грошай хапіла не на ўсё, вельмі многа зрабілі самі навучальныя ўстановы за свае сродкі, істотную дапамогу аказалі бацькі, недзе, як у той жа Обальскай школе, дапамаглі спонсары. А вось шэфскую дапамогу А. М. Зайцаў назваў недастатковай, далёка не ўсе арганізацыі праявілі сябе, хаця гэта можна яшчэ паправіць.
Раённая камісія завяршыла праверку гатоўнасці ўстаноў адукацыі да навучальнага года. Камісія асабліва адзначае Слабадскую СШ, навучальныя ўстановы Мікіціхі і Башнёў, СШ №1, Обальскую СШ, Мішневіцкую СШ, Добрынскі і Льнозаводскі дзіцячыя сады-пачатковыя школы. Адзначае і тое, што ўсе навучальныя ўстановы маюць заслужаны аўтарытэт грамадства, з’яўляюцца своеасаблівымі адукацыйна-культурнымі цэнтрамі, фарміруюць у сучаснага школьніка неабходнасць быць адукаваным, камунікатыўным і здаровым.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №63 ад 19.08.2014 г.