Раённая газета «Герой працы» сёння і ў пачатку 60-х, калі Ганна Антонаўна Кручкова прыехала ў Шуміліна…

Людзі і лёсы Общество

“Мы не толькі друкавалі газету, а і чыталі яе першымі”
Раённая газета сёння і ў пачатку 60-х, калі Ганна Антонаўна Кручкова прыехала ў Шуміліна…
Вядома, змянілася многае, сцвярджае жанчына. Ды і каму, як не ёй, якая аддала  друкарскай справе больш за сорак гадоў, параўноўваць газету? Можа, нават рабіць заўвагі і нешта раіць. Мае права.
“Ды не, што вы, махае рукамі субяседніца. – Усё жыццё выпісваю раённую газету, люблю яе…”  Ганна Антонаўна звяртае ўвагу і на шрыфт, і на фотаздымкі, і на прабелы паміж радкамі. Гэта прафесійнае.
Несумненна, Г. А. Кручкова, якая заўтра будзе юбіляркай, з іншымі друкарамі  многае зрабіла для раённай газеты.
Папрасілі  расказаць яе пра работу ў друкарні.
Працавала Ганна Антонаўна за лінатыпам. Цікавая, трэба сказаць, і прагрэсіўная для таго часу машына. «Нялёгка было, – прызнаецца жанчына, – але мы былі маладымі і цяжкасці нас не палохалі».
Ні тады, больш як паўстагоддзя таму, калі тагачасны рэдактар раённай газеты Э. М. Дамарацкі ўгаварыў Ганну Антонаўну перайсці працаваць з Талачынскай друкарні ў Шумілінскую, ні цяпер, будучы на пенсіі, жанчына не любіць скардзіцца на жыццё. Яна па натуры –  чалавек памяркоўны. І адказны.  Трэба  затрымацца пасля работы і працаваць да ночы – значыць, трэба. І  ніякай крыўды на жыццё: цяжкасці ж часовыя. З  надзеяй і жыве.   Будучы брыгадзірам, была вельмі тактоўнай і справядлівай, паважліва адносілася да сваіх калег. Як і на ўсялякай рабоце, рознае здаралася. “Набіраліся радкі карпатліва,  уручную, – кажа Г. А. Кручкова.  – Але, бывала, літары нечакана высыпаліся на падлогу. І тады ўсе работнікі друкарні збіралі іх і нанова набіралі палосы”. І брыгадзір не  шукала вінаватых. Выпраўлялі памылку ўсе разам, ні на каго не крыўдуючы. Напэўна, у гэтым і была моц  калектыву.
Ці хацелася памяняць цяжкую работу лінатыпісткі на нейкую іншую? “Ды не, – кажа Г. А. Кручкова. – Хаця і было цяжка. Хто ж набярэ тэксты за нас? Да таго ж, мы не толькі набіралі і друкавалі газету, а і чыталі яе першымі, усе астатнія бралі ў рукі яе пасля нас…”
Здароўя вам, шаноўная Ганна Антонаўна, на доўгія гады. Няхай ніколі не рыпіць ваш сябар-веласіпед, на якім вы не адзін ужо год кіруеце на сваю фазэнду на Дзюбянцы…
Ад імя калектыву газеты «Герой працы»
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №63 ад 19.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *