Исполнила свой долг перед односельчанами

Край шумілінскі Людзі і лёсы

«Прызнацца, на сэрцы палягчэла»
У пачатку гэтага тыдня жыхарка райцэнтра Ніна Іосіфаўна Гурына адзначыла свой 80-гадовы юбілей.
Ніна Іосіфаўна – былая настаўніца пачатковых класаў, за плячыма – сорак гадоў педагагічнага стажу. Сярод галоўных якасцяў чалавека заўсёды цаніла сардэчнасць, уважлівасць, спачуванне. Цэніць і сёння. Яна – чалавек актыўны і нераўнадушны. Не можа сядзець склаўшы рукі, стараецца дапамагчы іншым. Гэта імкненне ёй дапамагае рэалізоўваць раённае таварыства інвалідаў, членам якога яна з’яўляецца.
Ніна Іосіфаўна шануе гісторыю сваёй краіны, свята беражэ памяць пра сваіх землякоў, якіх забрала вайна. І менавіта Ніна Іосіфаўна стала ініцыятарам увекавечання памяці землякоў з вёскі Барсукі.
“Я жыла ў гэтай вёсцы ў час вайны, – успамінае Ніна Іосіфаўна. –  І калі вяскоўцаў папярэдзілі, што карнікі збіраюцца ў вёску, далёка не ўсе пайшлі хавацца ў лес. Маўляў, яны мірныя людзі, ні з кім не ваявалі і іх не зачэпяць. Але памыліліся. Людзей сагналі ў адну будыніну і падпалілі… З лесу мы бачылі гэтае страшэннае полымя. Гарэлі суседзі, родзічы, знаёмыя. Усяго 37 чалавек. Самаму маленькаму, што загінуў у агні, было ўсяго шэсць месяцаў”.
Гэта жудасная карціна ўрэзалася ў памяць на ўсё жыццё. Таму  Ніна Іосіфаўна звярнулася райвыканкам з прапановай увекавечыць памяць землякоў. І ў мінулым годзе ў былой вёсцы Барсукі быў устаноўлены помнік. Н. І. Гурыну запрасілі на яго адкрыццё. Шчымліва і радасна было жанчыне зноў ступіць на зямлю, дзе раней жыла,  дзе загінулі яе аднавяскоўцы.
“Прызнацца, на сэрцы  палягчэла, – гаворыць Ніна Іосіфаўна, – выканала грамадзянскі доўг перад сваімі землякамі. Думаю, цяпер пра трагедыю вёскі Барсукі будуць ведаць і маладыя”.
Пасля адкрыцця помніка загінуўшым вяскоўцам Ніне Іосіфаўне Гурынай было шмат званкоў. Тэлефанавалі ў асноўным родзічы загінуўшых. Дзякавалі за клопат, увагу і памяць.
Шмат было віншаванняў і да асабістага юбілею. І не толькі ад родзічаў і суседзяў, адміністрацыі і былых калег па Шумілінскай СШ № 1, але і ад малазнаёмых людзей. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што дабрыня і клопат не забываюцца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *