1 декабря — Всемирный день профилактики СПИДа

Здоровье Молодёжь Общество

Боль ці расплата за недасведчанасць?
1 снежня, у Сусветны дзень прафілактыкі СНІДу, у гарадскім Доме культуры сабраліся старшакласнікі райцэнтра. Тэматычная сустрэча пад назвай “СНІД – гэта страшна” была праведзена работнікамі Дома культуры. Пра праблему нашага часу гаварылі даступна і зразумела. У гэтым дапамог відэаролік “Ганаруся табой”, зняты па рэальных падзеях жыцця.
СНІД – страшэнная хвароба ўсіх нацый і ўсіх кантынентаў. Гэта мукі і боль, гэта расплата за слабасць і недасведчанасць. Толькі ў Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за паўтысячы выпадкаў заражэння ВІЧ, прычым 65 выпадкаў – сёлета. Як навучыцца жыць у такім асяроддзі і як уратавацца? Гэтыя пытанні цікавілі моладзь. Тэма далікатная, таму падлеткі задавалі пытанні толькі пісьмова. На іх  адказвала намеснік ўрача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марына Фёдараўна Аляксеенка. Яна ж раздала кожнаму са старшакласнікаў буклеты “Даведайся больш пра ВІЧ-інфекцыю” і выступіла перад маладзёжнай аўдыторыяй. Падлеткі даведаліся, што ў нашым раёне зарэгістраваны два чалавекі, хворых на СНІД, а яшчэ два памерлі ад гэтай страшэннай хваробы.
СНІД – апошняя стадыя ВІЧ-інфекцыі. Не лішнім было нагадаць падлеткам, што хвароба перадаецца палавым шляхам, праз забруджаныя шпрыцы ці іглы, напрыклад, для татуіровак, ад інфіцыраванай маці да дзіцяці.
Чалавек з ВІЧ – такі ж грамадзянін, як і ўсе мы. Не трэба баяцца вітацца з ім за руку, размаўляць з ім. Галоўнае пазбягаць шляхоў перадачы хваробы і памятаць, што ўсяго адзін няправільны крок можа прывесці да непапраўнага.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *