Нядоўгая Доўгая Ніва
Усё ў нас не горш, як у свеце. Інтэрнэты, гаджэты, смартфоны, айпады і тостэры з усталяваным інтэлектам. А ад’едзь колькі кіламетраў ад цэнтра ўглыб – і вось ужо бабуля, прыбраўшыся ў выхадную ў сукенку і капялюш ад сонца, спяшаецца ў магазін у суседнюю вёску за хлебам, бадай, і цукрам, а, можа, да чаю што купіць – унукі ж у госці прыедуць. Вось ужо і дарога –пясчаная, і абочыны, якія ніколі не бачылі мотакасы. Вось і цішыня, парушаюць якую толькі аўтамабілі – рэдкія візіцёры. І як жа ўсё гэта выдатна! Усё гэта наладжвае асаблівыя струны душы, тыя самыя, якія звычайна – у паўсядзённасці, за клопатамі жыцця “на асфальце” – маўчаць і нагадваюць пра сябе толькі вось у такія моманты.
А вёска Доўгая Ніва – не доўгая, а зусім наадварот. Гасцей яна сустракае раскідзістай рабінай, а праводзіць бусліным клёкатам. Сямейства буслоў аблюбавала для жыцця гэта вёску зусім не выпадкова. Здаецца, што менавіта яны і ёсць паўнапраўныя яе гаспадары. А як жа: іх дом на высокім слупе дазваляе птушкам быць у курсе ўсіх вясковых падзей. Яны як пільныя вартавыя назіраюць за размераным жыццём Доўгай Нівы, здаецца, ні на хвіліну не ўзяўшы адпачынак.
Пра тое, што жыццё ў вёсцы ідзе сваім шляхам, нагадваюць поўныя дрывотнікі, на вяроўцы бялізна, якую мірна перабірае лагодны летні ветрык. Дзе-нідзе хаты “падпіраюць” аўто, адной сваёй наяўнасцю намякаючы на самую прамую сувязь вёскі з сусветам, якую, чамусьці, так хочацца абвергнуць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.