Пуд солі або здароўе?

Здоровье

Пуд солі або здароўе?
Соль здаўна была вызначальным сімвалам, прыкметай багацця і гонару, пажаданым аб’ектам для “спецыялістаў” чорнай і белай магіі. З’есці разам пуд солі – значыць вельмі добра даведацца пра чалавека, пражыць з ім доўгае жыццё. Зараз сустракаецца соль некалькіх відаў: спажыўная каменная – буйнога памолу і экстра, марская соль харчовая, чорная соль – прыродная, неачышчаная соль, якая набыла свой колер з-за ўтрымання ў ёй вялікай колькасці жалеза і серавадароду.
Ёдаваную соль сталі вырабляць пасля 1990 года з мэтай папаўнення дэфіцыту ёду ў прыродзе,  прафілактыкі ёдаваных захворванняў шчытападобнай залозы.
У хімічным складзе амаль усіх відаў солі 99,9% хлорыстага натрыю (NaCI). А вось у марской солі дадаткова змяшчаецца яшчэ каля 60 мінеральных рэчываў, такіх, як кальцый, калій, фосфар, магній, марганец, цынк, жалеза, ёд і іншыя. Менавіта марскую соль лічаць асабліва карыснай у харчаванні людзей.
Якую ролю адыгрывае соль у нашым арганізме?
Хлорысты натрый неабходны арганізму для: рэгуляцыі водна-солевага абмену, захавання кіслотна-шчолачнай раўнавагі, падтрымання тонусу сасудаў, перадачы нервовых імпульсаў, скарачэння мышцаў  і інш.
Хлорысты натрый падтрымлівае пастаянства аб’ёму вадкасці ў арганізме. Затрымка вады небяспечна для людзей, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, сардэчна-сасудзістай, мочавыдзяляльнай сістэмы і іншых. Гэтым людзям неабходна запомніць: 1 г солі затрымлівае ў арганізме 200 г вады.
У арганізм чалавека соль паступае ў асноўным з каўбаснымі вырабамі, мяснымі паўфабрыкатамі, салёнымі рыбнымі вырабамі, праз саленні, марынады, квашаную гародніну і з іншымі прадуктамі, для прыгатавання якіх выкарыстоўваецца вялікая колькасць солі. Чыпсы і салёныя арэшкі – лідары па ўтрыманні солі!
Асноўнымі крыніцамі калію з’яўляюцца: шпінат, гуркі, бульба, морква, цыбуля, пятрушка, спаржа, хрэн, часнок, чорныя парэчкі, сачавіца, гарох, капуста, хлеб ржаны, крупы аўсяныя, сухафрукты (курага, разынкі).
Ужыванне солі ў тых, хто выносіць вялікія фізічныя нагрузкі (спартсмены або рабочыя гарачых цэхаў), узрастае ўдвая, да 20-25 г на дзень.
Мясная і малочная ежа ўжо змяшчае ў складзе соль і не патрабуе салявых дабавак. А вось у мучную і раслінную можна дабаўляць солі паболей.
Самымі карыснымі лічацца марская, чорная і ёдавая солі. Праўда, ёдавая соль праз 3-4 месяцы страчвае свае лекавыя ўласцівасці. І дабаўляць яе трэба ў талерку, а не ў агульную каструлю, бо ёд выпарваецца. Замяніць шчопаць солі можна чайнай лыжкай траў – пятрушкі, кропу або любых іншых.
Звычайная соль захоўваецца да 5 год і тэрмін захоўвання залежыць ад упакоўкі. Сальніца можа быць шкляной або драўлянай, але галоўнае, каб яна заўсёды была сухой і шчыльна зачыненай. Не бярыце соль мокрай лыжкай! Мера павінна быць ва ўсім – і тады вашаму здароўю нішто не пагражае.
А. КІМ, урач-педыятр.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *