Хто гаспадар ва ўрочышчы Дзюбянка?

Общество Экология Экономика

Хто гаспадар ва ўрочышчы Дзюбянка?
Многія жыхары Шуміліна помняць урочыша Дзюбянка ў 70-80-я гады: зарослае кустамі, месцамі забалочанае. Тады нават ніхто і не думаў, што гэты ўчастак ператворыцца ва ўрадлівае поле. Культурнатэхнічныя і меліярацыйныя  работы тут у пачатку 90-х гадоў пачалі праводзіць работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм і былой райсельгасхіміі. І ўжо праз два гады 28 гектараў палеткаў на Дзюбянцы адышлі пад садовае таварыства. Астатнія паўтары сотні гектараў былі прадстаўлены людзям для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і агародніцтва. І на Дзюбянцы закіпела работа. Працавалі і людзі, і тэхніка – вялікія агароды цяжка было апрацаваць уручную.
Але ў пачатку 2000 года актыўнасць людзей спала. Многія палічылі, што мець агароды за Шумілінам нявыгадна, маўляў, працуеш  там, стараешся, а палову ўраджаю крадуць. Іншыя проста адмовіліся ад сваіх участкаў, палічылі за лепшае купіць мяшок-другі бульбы, чым вырошчваць.
І сёння садоваму таварыству належыць усяго толькі два гектары Дзюбянкі, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і агародніцтва засталося 2,8 гектара. Астатнія  землі засталіся незапатрабаванымі. Яны былі перададзены  ў 2007 годзе УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.  “Але ж належнага догляду за гэтымі палеткамі не было, – кажа начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Зафія Францаўна Алюліна. – Кіраўнікі гаспадаркі і галоўныя аграномы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за неэфектыўнае выкарыстанне земляў. Па хадайніцтву  землеўпарадкавальнай службы ў 2011 годзе ўрочышча Дзюбянка было ўключана ў Дзяржаўную праграму захоўвання і выкарыстання меліярацыйных земляў на 2011-2015 гады.  Плошчу 141 гектар падзялілі на дзве чаргі: на першай чарзе (81 гектар) работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм навялі парадак у 2012 годзе, другую чаргу, якая ўключае 60 гектараў, акультурылі ў мінулым годзе.  Палеткі былі перададзены КУСГП “Сіроцінскі”. Трэба аддаць належнае прадпрыемству – падышлі да зямлі па-гаспадарску.  І сёння тут расце яравы рапс. Што датычыцца далейшых планаў па Дзюбянцы, то трэба ператрэсці і прыбраць валы. Па тэхналогіі яны павінны вылежацца тры гады…”.
Разам з Зафіяй Францаўнай едзем ва ўрочышча Дзюбянка. Палеткі, перададзены “Сіроцінскаму”, дагледжаныя, без быльнёгу. Дарога прыводзіць нас да ўчасткаў, прызначаных для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і агародніцтва. Тут пасеяна бульба,  жыта, ячмень. Растуць гуркі, памідоры, фасоля, буракі, морква. Нават пасаджаны маладзенькія яблынькі і кусты парэчак. Трэба адзначыць, на агародах парадак. Там-сям увіхаюцца людзі. Падыходзім да іх бліжэй.
“Вось выцягваем цыбулю, – кажуць яны. – Ад злодзеяў няма ратунку: і клубніцы абіралі, і частку бульбы нядаўна выкапалі. Душой прыраслі да гэтага ўчастка, ды і кідаць шкада: тут вельмі добра расце літаральна ўся гародніна…”.
Дарэчы, сёння на Дзюбянцы засталося 18 участкаў для агародніцтва. Напэўна, трымаюцца за зямлю самыя працалюбівыя. Дзеля зручнасці ўчасткі былі перанесены на адзін край поля.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *