Камплімент у адрас ЖКГ
Усё пазнаецца ў параўнанні. У чарговы раз была нагода пераканацца ў гэтым падчас нядаўняй паездкі на малую радзіму. А радзіма мая – гэта невялікая вёсачка кіламетраў за шэсць ад Віцебска. Шчыра прызнацца, візіты мае туды рэдкія: на Тройцу ці Радаўніцу – на магілу да бабулі і дзядулі. Там дом, дзе я нарадзілася, а таму кожны раз, калі прыязджаю, сэрца напаўняецца нейкім асаблівым пачуццём – пачуццём жалю і замілавання адначасова. Аднекуль бяруцца слёзы. Напэўна, гэта натуральна для такіх сустрэч.
У нашай старэнькай хатцы даўно ніхто не жыве, але родныя выкарыстоўваюць яе ў якасці дачы. Зручна ж – пад самым Віцебскам. Яны старанна даглядаюць тэрыторыю, абкошваюць, не смецяць, вядуць агарод.
А не так даўно пад самым парканам у іх “выраслі” кантэйнеры для смецця. Магчыма, ніякіх парушэнняў пры ўстаноўцы іх менавіта ў гэтым месцы і няма, але вось ад смецця гэтыя кантэйнеры вызваляюць настолькі рэдка, што тэрыторыя вакол дома на момант нашага наведвання нагадвала цэлы палігон адыходаў. Кантэйнеры стаялі пад цяжарам смецця, якое, па словах родных, не вывозілася дужа даўно. Уздоўж усёй вёскі валяліся абгорткі, пластыкавыя бутэлькі, папера – жах.
Людзі нясуць смецце ў кантэйнер, але, як бачна, сэнсу ў гэтым мала. Звароты ў мясцовы сельвыканкам заканчваюцца, як правіла, пагрозамі: самі прыбірайце, а то будзем штрафаваць. Вось так.
А я слухала ўсё гэта і ўспамінала работу нашай камунальнай службы, якая на фоне гэтай карціны выглядае даволі кампліментарна. Нам уласціва заўважаць недапрацоўкі, добрую работу мы прывыклі лічыць за норму, не выказваць захаплення.
Ведаю, што апустошыць перапоўненыя кантэйнеры ў нас гатовы і не па графіку – дастаткова зрабіць тэлефонны званок. Калі вывозяць смецце, спецыяліст абавязкова прыбірае тэрыторыю вакол, не пакідаючы ніводнай паперкі. Усе скаргі да мясцовых уладаў наконт работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі вырашаюцца ледзьве не ў той жа дзень, калі ёсць магчымасць.
У нас могуць нават і пераставіць кантэйнеры ў іншае месца, калі некаму не даспадобы іх размяшчэнне. Калі я расказвала пра ўсё гэта, мая цётухна проста дзіву давалася, не верыла, што такое магчыма. А для нас гэта даўно – норма. Усё пазнаецца ў параўнанні.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.