В лагере «Алый парус» Шумилинского района было много полезных дел

Актуалии Молодёжь Экология

ЛЕТА – для цікавых і карысных спраў
У “Пунсовым ветразі” падышла да завяршэння чарговая дзіцячая змена з вельмі насычанай творчай і гульнявай праграмай.
Запомняцца адпачываючым, думаецца,  Малыя алімпійскія гульні па шасці відах спорту, дзе вызначыліся “алімпійскія” чэмпіёны лагера. Дэвіз дня – “Галоўнае не перамога, а ўдзел” – апраўданы, бо ўдзельнікамі спаборніцтваў былі ўсе адпачываючыя змены. Закончыўся спартыўны дзень вясёлай эстафетай і ўзнагароджваннем.
Не менш цікавым выдаўся Дзень пажарнай службы, да якога дзеці вельмі рыхтаваліся. Найперш падрыхтавалі святочную віншавальную газету, нумары мастацкай самадзейнасці, з якімі выступілі перад работнікамі пажарнай службы. І выратавальнікі не засталіся ўбаку: правялі для самых маленькіх экскурсію.
А дзень турыста?! Дзеці пішчалі: “Ура! Ідзём у паход!” Маршрут пахода: Лескавічы-Полцева-Лескавічы. Дзяцей чакала экскурсія па гадавальніку лясных культур, працоўны дэсант па ўборцы карчэўя.
Наведалі і брацкія могілкі ў в. Полцева, аддалі даніну павагі воінам, загінуўшым за вызваленне нашага раёна, усклалі кветкі. Пабывалі і на руінах былога панскага маёнтка, прынялі ўдзел у культурна-забаўляльнай праграме на лужку. З новымі эмоцыямі, уражаннямі вярнуліся ў лагер.
У Дзень творчасці прайшоў фестываль “Творчасць для ўсіх”. У госці ў лагер прыехалі кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах РЦДіМ Наталля Пятроўская, Таццяна Чупрукова і Таццяна Каласкова, якія правялі майстар-класы па квілінгу, пляценні з сітніка і саломкі і любімаму дзецьмі бодзі-арту. Многія дзеці ўжо мараць пра сустрэчу з майстрамі пасля лагернай змены.
Адбылася насычаная экскурсія ў г. Віцебск, урачыстае мерапрыемства – закрыццё лагернай змены, дзе дзяцей чакалі прызы, падарункі і развітальная дыскатэка.
Педкалектыў перакананы, што змена прайшла весела, цікава, запамінальна і кожны знайшоў сябе ў добрай і карыснай справе.
В. КАСЦЮК, старшы выхавальнік лагера “Пунсовы ветразь”.
Надрукавана  ў  №58  ад 01.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *