Шумилинский район отпраздновал своё 90-летие

Актуалии Край шумілінскі Официально

«А КАЛІ НЕ СПЯВАЦЬ АБ РАДЗІМЕ, ДЫК НАВОШТА НАОГУЛ СПЯВАЦЬ»
Шуміліншчына, родная наша старонка! Ты адпакутавала шмат. Мы абяцаем, што будзем рабіць усё для таго, каб радкі тваёй біяграфіі былі “начынены” на стваральных і радасных падзеях. Паглядзі, колькі шчаслівых дзетак у гарадскім парку, колькі прыгожых мам – значыць, усё працягваецца, значыць, будзем жыць.
Свята ў гонар 90-гадовага юбілею Шумілінскага раёна, якое ладзілася ў гарадскім парку 17 ліпеня, атрымалася асаблівым. Быў цудоўны сонечны дзень,  людзі віншавалі адзін аднаго, быццам адзначалі дзень нараджэння блізкага чалавека. Ва ўсім быў спакой і ў той жа час нейкая ўзрушанасць.

На свята ішлі цэлымі сем’ямі. Вось бегаюць дзеткі, гарэзнічаюць, адной сваёй прысутнасцю пацвярджаюць значнасць быцця. А ля выставы “Вехі гісторыі: нам 90” затрымаўся ветэран, доўга не адыходзіць, чытае, успамінае, нешта ўдакладняе ў дырэктара гісторыка-краязнаўчага музея Святланы Івановай. Гартаюць старонкі падшывак раённай газеты “Герой працы” шумілінцы, у асноўным – немаладыя: што ж зробіш, там біяграфія іх эпохі – моладзь сваю яшчэ толькі піша. Схіліўся над лазовым кошыкам майстар па лазапляценні Уладзімір Каласкоў, вядомы сваім майстэрствам не толькі на Шуміліншчыне, але і ва ўсёй рэспубліцы: да заканчэння святкаванняў быў гатовы чарговы лазовы кошык. Майстрыхі Дома рамёстваў вышывалі, вязалі кручком, малявалі – без справы яны не прывыклі, не могуць. Захопленыя творчасцю нашы адмысловыя майстры дасягаюць вялікіх поспехаў у адраджэнні і захаванні традыцый Шуміліншчыны. Дзякуй ім за гэта.
За стваральную працу на карысць раёна, за дасягненні і перамогі ў працы, вучобе і спорце дзякаваў шумілінцам кіраўнік раёна У. П. Куранны.
“Мы памятаем, што гісторыю Шуміліншчыны стваралі і працягваюць ствараць людзі, якія тут нарадзіліся, жывуць і працуюць. Са словамі шчырай удзячнасці  я звяртаюся да ўсіх, хто ўнёс частку сваёй працы ў развіццё раёна, хто сваёй мэтанакіраванасцю, прафесіяналізмам і настойлівасцю мацаваў багацце і славу шумілінскай зямлі на ўсіх этапах яе развіцця”. Уладзімір Пятровіч гаварыў пра дасягненні раёна, пра тое, што ў нас створаны ўсе ўмовы для шчаслівага, камфортнага жыцця.
Асаблівай была тэматычная праграма “Вехі гісторыі”, дзе праявілі сябе лепшыя творчыя калектывы раёна, самадзейныя артысты і адораныя  дзеці. Перад гледачамі пранесліся старонкі гісторыі раёна: калектывізацыя, вайна, гады пасляваеннага аднаўлення, дасягненні ў працы, сучаснасць. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, нам пакінулі ў спадчыну слаўнае мінулае. Шуміліншчына выстаяла, выжыла ў самыя гнятлівыя і цяжкія часіны. У нас сёння няма ніякіх перашкод для таго, каб жыць шчасліва і багата.
Усё ў нашых руках. Гэта пацвердзіла і выстава “Гісторыя прадпрыемства”, якая ладзілася прама ў парку. Палічылі неабходным прэзентаваць сябе лепшыя прадпрыемствы раёна. Прадстаўнікі ААТ “Малако” г. Віцебска правялі дэгустацыю сваёй прадукцыі, таму каля іх павільёна было шматлюдна на працягу ўсяго свята. Сыр “Гауда”, “Расійскі” ці “Галандскі” – у кожнага свой густ, але зразумела адно – шумілінскія сыры не здраджваюць традыцыям якасці. Гэту думку пацвярджае і тое, што нядаўна нашы сыры атрымалі самыя вышэйшыя ўзнагароды на свяце ў Углічы, дзе зараджаліся традыцыі расійскага сыраробства. Пра гэта не без гонару расказала маркетолаг прадпрыемства Валянціна Крывашэева.
Многія прадпрыемствы пастараліся як мага больш поўна прадставіць сваё жыццё – у фотаздымках, памятных кнігах. Прэзентавалі сваю прадукцыю і паслугі райгаз, “Славянскі прадукт”, райбыткамбінат, банкі, белтэлекам,  пошта і іншыя. У гэты вечар у парку гандлявала райспажыўтаварыства, працавалі дзіцячыя атракцыёны.
Мы гучна адзначылі юбілей раёна, вывелі нашу маленькую радзіму на старт да стогадовага юбілею. Давайце разам зробім так, каб 100-годдзе Шумілін-шчына сустрэла яшчэ больш моцнай, стабільнай і шчаслівай. Наперадзе 10 год – давайце старацца.
Боль і радасць
Было свята, жыў раён прыўзнятым святочным настроем, а тут, ля памятнага знака воінам-афганцам, жыў боль. Чвэрць стагоддзя жыве боль у сэрцах тых, хто прайшоў праз суровае афганскае гарніла. І не толькі ў іх – ва ўсіх нас, хто ведаў хлопцаў 70-80-х і сённяшніх, пасталелых і бадзёрых духам. Чацвёра нашых землякоў не вярнуліся з той чужой вайны, многія вярнуліся пакалечаныя і хворыя.
Афганістан жыве ў сэрцы ўсіх, хто сабраўся з нагоды юбілею раёна ля памятнага знака ў парку. Піянерская ганаровая вахта, лагодны голас вядучай, якая   дае слова намесніку старшыні райвыканкама А. М. Зайцаву.
– Вы – воіны-афганцы, і гэтая прыстаўка будзе з вамі “хадзіць” вечна, – гаворыць Анатоль Мікалаевіч. – Пачэсна быць афганцам, ня-гледзячы на тое, што вайна была чужой. Аднак і вы ішлі на вайну, як вашы бацькі і дзяды.  І вы заслужылі павагу, вы чэсна выканалі свой абавязак салдата. Ветэранаў той вайны, якая пачалася ў 41-ым, засталося зусім мала, таму на вашы плечы кладзецца ўся ваенна-патрыятычная работа з моладдзю. Вучыце яе любіць Радзіму, берагчы яе гонар, берагчы мір.
Не прамінуў выпадку, каб не павіншаваць сваіх аднапалчан, старшыня раённага савета воінаў-афганцаў М. А. Калянковіч. Ён расказаў гісторыю ўстанаўлення помніка В. І. Угнявёнку на мо-гілках у в. Сосніна,  мемарыяльнай дошкі на адным з дамоў Шуміліна, расказаў пра тое, што імем героя названы завулак у мікрараёне СШ № 2. Затым ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі  ўручыў учарашнім байцам юбілейныя медалі. Знамянальна, што першым  для атрымання медаля і пасведчання быў выкліканы В. І. Угнявёнак. Вядома ж, усе мы ведаем, што ён загінуў, таму ўзнагароду з рук ваенкома прыняла сястра героя-афганца В. І. Попелава.
Матч пакаленняў
Увечары каманда «Моладзь» выклікала на сустрэчу ФК “Шуміліна”. Першы тайм прайшоў у роўнай барацьбе, галявыя моманты былі як у “Моладзі”, так і ў ФК “Шуміліна”. Напрыканцы першых 45-ці хвілін “Моладзь” выйшла наперад.
У другім тайме ініцыятывай поўнасцю валодаў ФК “Шуміліна”. Канчатковы вынік – 6:2 на карысць вопытных футбалістаў.
Сустрэча паказала, што ў Шуміліне ёсць годныя маладыя футбалісты, якія ў будучым могуць стаць трывалымі ігракамі ФК “Шуміліна”.
Фотарэпартаж рыхтавалі Мікалай МАРОЗ, Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *